Глава 19

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31
  • 1. Лепш бедны, які ходзіць у сваёй нявіннасьці, чым зь ілжывымі вуснамі, і пры гэтым неразумны.
  • 2. Нядобра душы бязь ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі, спатыкаецца.
  • 3. Неразумнасьць чалавека скрыўляе дарогу, а сэрца ягонае гневаецца на Госпада.
  • 4. Багацьце памнажае сяброў, а беднага пакідае і сябар ягоны.
  • 5. Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня, і хто гаворыць няпраўду, не ўратуецца.
  • 6. Многія дагаджаюць заможным; і кожны - сябар чалавеку, які не шкадуе гасьцінцаў.
  • 7. Беднага ненавідзяць усе браты ягоныя, тым болей прыяцелі ягоныя адпадаюць ад яго; гоніцца за словам парады, а іх і на гэта няма.
  • 8. Хто набіраецца розуму, той любіць душу сваю; хто пільнуецца разумнасьці, знаходзіць дабро.
  • 9. Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня; і хто гаворыць няпраўду, загіне.
  • 10. Ня прыстоіць неразумнаму раскоша, тым болей рабу панаваньне над князямі.
  • 11. Здаровы розум робіць чалавека павольным на гнеў, а слава ягоная - паблажлівым да неразважлівых учынкаў.
  • 12. Гнеў цара - як рык ільва, а ласка ягоная - як раса на траву.
  • 13. Неразумны сын - пагібель бацьку ягонаму, а сварлівая жонка - сьцёкавая рына.
  • 14. Дом і маёмасьць - спадчына ад бацькоў, а разумная жонка - ад Госпада.
  • 15. Гультайства наганяе дрымоту, і нядбайная душа будзе галадаць.
  • 16. Захавальнік запаведзі захоўвае душу сваю, а хто ня дбае пра шяхі свае - загіне.
  • 17. Міласэрны да беднага пазычае Госпаду; і Ён аддасьць яму за дабрачынства ягонае.
  • 18. Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і не абурайся крыкам ягоным.
  • 19. Чалавек вялікага гневу нясе пакараньне; бо, калі пашкадуеш яго, давядзецца табе яшчэ больш караць яго.
  • 20. Слухайся рады і прымай кару, каб зрабіцца табе пасьля мудрым.
  • 21. Шмат задумаў у сэрцы ў чалавека, але збудзецца толькі задуманае Госпадам.
  • 22. Радасьць чалавеку - дабрачыннасьць ягоная, і бедны чалавек лепшы, чым хлусьлівы.
  • 23. Страх Гасподні вядзе да жыцьця, і хто мае яго, заўсёды будзе задаволены, і ліха не спасьцігне яго.
  • 24. Гультай апускае руку сваю ў чару, і ня хоча данесьці яе да вуснаў сваіх.
  • 25. Калі ты пакараеш блюзьнера, дык і просты зробіцца разумным; і калі засьцеражэш разумнага, дык ён зразумее настаўленьне.
  • 26. Хто бацьку руйнуе і выганяе маці - сын бессаромны і ганебны.
  • 27. Перастань, сыне мой, слухаць угаворы ўхіліцца ад голасу розуму.
  • 28. Падступны сьведка зьдзекуецца з праўды, і вусны бязбожных глытаюць няпраўду.
  • 29. На блюзьнераў гатовыя суды, і ўдары - на цела дурных.