• 1. Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
  • 2. Хай скажа сёньня дом Ізраілеў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
  • 3. Хай скажа сёньня дом Ааронаў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
  • 4. Хай скажуць сёньня, хто баіцца Госпада: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
  • 5. З уціску паклікаў я Госпада, і пачуў мяне, і на шырокае месца вывеў мяне Гасподзь.
  • 6. Гасподзь за мяне - не збаюся: што зробіць мне чалавек?
  • 7. Гасподзь мне памочнік: буду глядзець на ворагаў маіх.
  • 8. Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на чалавека.
  • 9. Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на князёў.
  • 10. Усе народы абступілі мяне, але імем Гасподнім я іх скінуў;
  • 11. Абступілі мяне, атачылі мяне; але імем Гасподнім я іх скінуў.
  • 12. Абселі мяне, як пчолы соты, і пагасьлі, як вагонь у цёрне; імем Гасподнім я іх скінуў.
  • 13. Моцна штурхнулі мяне, каб я ўпаў; але Гасподзь падтрымаў мяне.
  • 14. Гасподзь сіла мая і песьня; Ён зрабіўся выратаваньнем маім.
  • 15. Голас радасьці і выратаваньня ў жытлішчах праведнікаў; правіца Гасподняя творыць сілу!
  • 16. Правіца Гасподняя высока, правіца Гасподняя творыць сілу!
  • 17. Не памру, а жыць буду і абвяшчацьму дзеі Гасподнія.
  • 18. Строга пакараў мяне Гасподзь, але сьмерцю мяне не скараў.
  • 19. Адчынеце мне браму праўды: увайду ў яе, праслаўлю Госпада,
  • 20. вось брама Госпада, праведныя ўвойдуць у яе.
  • 21. Слаўлю Цябе, што Ты пачуў мяне і зрабіўся ратункам маім.
  • 22. Камень, які адкінулі будаўнікі, зрабіўся галавою вугла.
  • 23. Гэта - ад Госпада, і гэта дзівосна ў нашых вачах.
  • 24. Гэты дзень стварыў Гасподзь: парадуемся і ўзьвесялімся ў дзень гэты!
  • 25. О, Госпадзе, выратуй! О, Госпадзе, пашчасьці!
  • 26. Дабраславёны, хто ідзе ў імя Гасподняе! Дабраслаўляем вас з дома Гасподняга.
  • 27. Бог - Гасподзь, і апраменіў нас; зьвяжэце шнурамі ахвяру, вядзеце да нарожнікаў ахвярніка.
  • 28. Ты - Бог мой: славіць буду Цябе; Ты - Бог мой: славіць буду Цябе, (славіць буду Цябе, бо Ты пачуў мяне і зрабіўся маім ратаваньнем).
  • 29. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.