- 1. Слаўце Госпада; заклікайце імя Ягонае; абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя.
- 2. Сьпявайце Яму і грайце Яму; раскажэце пра ўсе цуды Ягоныя.
- 3. Хвалецеся імем Ягоным сьвятым; хай цешыцца сэрца ў тых, хто шукае Госпада.
- 4. Шукайце Госпада і сілы Ягонай, шукайце аблічча Ягонага заўсёды.
- 5. Згадвайце цуды Ягоныя, якія ўчыніў, азнакі Ягоныя і суд вуснаў Ягоных,
- 6. вы, семя Абрагамавае, рабы Ягоныя, сыны Якава, выбранцы Ягоныя.
- 7. Ён Гасподзь Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя.
- 8. Вечна Ён памятае Свой запавет, слова, якое запавядаў тысячам родаў,
- 9. якое запавядаў Абрагаму, і клятву сваю Ісааку,
- 10. і паставіў тое Якаву законам, і Ізраілю запаветам вечным,
- 11. кажучы: табе дам зямлю Ханаанскую як часьціну спадчыны вашай.
- 12. Калі іх было яшчэ лікам мала, вельмі мала, і былі яны прыхадні ў ёй,
- 13. і пераходзілі ад народу да народу, з царства да іншага племя,
- 14. нікому не дазваляў крыўдзіць іх, і за іх цароў дакараў:
- 15. "не дакранайцеся да памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабеце зла".
- 16. І наклікаў голад на зямлю; кожнае хлебнае сьцябло паламаў.
- 17. Паслаў перад імі чалавека: у рабы быў прададзены Язэп.
- 18. Скавалі аковамі ногі яму, у жалеза ўвайшла душа ягоная,
- 19. пакуль спраўдзілася слова Ягонае: слова Гасподняе выпрабавала яго.
- 20. Паслаў цар, і разьвязалі яго; уладар народаў, і вызваліў яго.
- 21. Паставіў яго гаспадаром над домам сваім і ўпраўцам над усім валоданьнем сваім,
- 22. каб ён настаўляў валадароў ягоных паводле сваёй душы і старэйшын ягоных вучыў мудрасьці.
- 23. Тады прыйшоў Ізраіль у Егіпет, і перасяліўся Якаў у зямлю Хамаву,
- 24. і вельмі размножыў Бог народ Свой, і зрабіў яго мацнейшым за ворагаў ягоных.
- 25. Абудзіў у сэрцы іхнім нянавісьць супроць народу Ягонага і хітрасьць супроць рабоў Ягоных.
- 26. Паслаў Майсея, раба Свайго, Аарона, якога абраў.
- 27. Яны паказалі сярод іх слова азнакаў Ягоных і дзівосы Ягоныя ў зямлі Хамавай.
- 28. Паслаў цемру, і зрабіў морак, і не зрабілі супору слову Ягонаму.
- 29. Ператварыў іхнюю ваду ў кроў, і замарыў рыбу іхнюю.
- 30. Зямля іхняя ўрадзіла шмат жаб нават у спальні цароў іхніх.
- 31. Ён сказаў, і прыйшлі розныя насякомыя, воды ва ўсе іхнія межы.
- 32. Замест дажджу паслаў на іх град, вагонь пякучы на зямлю іхнюю.
- 33. І пабіў вінаград іхні і смакоўніцы іхнія, і паваліў дрэвы ў межах іхніх.
- 34. Сказаў, і прыйшла саранча, і безьліч вусеняў;
- 35. і паелі ўсю траву на зямлі іхняй, і паелі плады на палях іхніх.
- 36. І забіў кожнага першынца ў зямлі іхняй, пачаткі ўсёй сілы іхняй.
- 37. І вывеў іх з срэбрам і золатам, і ня было ў іхніх плямёнах хворага.
- 38. Узрадаваўся Егіпет выхаду іхняму; бо страх ад іх напаў на яго.
- 39. Прасьцёр ім хмару як заслону і вагонь, каб сьвяціў ім ноччу.
- 40. Прасілі, і Ён паслаў перапёлак, і хлебам нябесным карміў іх.
- 41. Раскалоў камень, і пацяклі воды, пацяклі ракою па мясьцінах сухіх,
- 42. бо ўзгадаў Ён сьвятое слова Сваё да Абрагама, раба Свайго,
- 43. і вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх у весялосьці:
- 44. і даў ім землі народаў, і перанялі яны працу людзкую,
- 45. каб трымаліся пастановаў Ягоных і законы Ягоныя захоўвалі. Алілуя!
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 104