- 1. Малітва спрагненага, калі ён смуткуе і вылівае прад Госпадам скруху сваю.
- 2. Госпадзе! пачуй малітву маю, і енк мой хай дойдзе да Цябе.
- 3. Не хавай аблічча Твайго ад мяне; у дзень смутку майго прыхілі да мяне вуха Тваё; у дзень, калі паклічу Цябе, адразу пачуй мяне.
- 4. Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае абпаленыя, як галавешка;
- 5. сэрца маё ўражанае, і высахла, як трава, аж я забываюся есьці мой хлеб;
- 6. ад голасу стогну майго косткі мае прысталі да плоці маёй.
- 7. Я стаў падобны да пелікана ў пустыні; я зрабіўся як сыч у руінах;
- 8. ня сплю і сяджу, як адзінокая птушка на даху.
- 9. Кожны дзень клянуць мяне ворагі мае, і неабольнікі мае ганяць мяне.
- 10. Я попел ем замест хлеба, і пітво маё разбаўляю сьлязьмі,
- 11. ад гневу Твайго і абурэньня Твайго; бо Ты ўзвысіў мяне і скінуў мяне.
- 12. Дні мае быццам цень, які ўхіляецца; і я высах, быццам трава.
- 13. Ты ж, Госпадзе, вечна жывеш, і памяць пра Цябе з роду ў род.
- 14. Ты паўстанеш, умілажалішся з Сіёна? бо час літаваць яго, бо прысьпеў час;
- 15. бо рабы Твае палюбілі і каменьне ягонае, і попел ягоны шкадуюць.
- 16. І збаяцца народы імя Гасподняга, і ўсе цары зямныя - славы Тваёй.
- 17. Бо збудуе Гасподзь Сіён, і зьявіцца ў славе Сваёй;
- 18. паглядзіць на малітву бездапаможных, і не пагардзіць малітваю іхняй.
- 19. Пра гэта напісана будзе роду наступнаму, і пакаленьне наступнае ўславіць Госпада,
- 20. бо Ён прынік са святой гары Сваёй; зь нябёсаў глянуў Гасподзь на зямлю,
- 21. каб пачуць стогны вязьняў, раскаваць сыноў сьмерці,
- 22. каб абвяшчалі на Сіёне імя Гасподняе, і славу Яму - у Ерусаліме,
- 23. калі зьбяруцца народы разам і царствы служыць Госпаду.
- 24. Стаміў Ён на шляху сілу маю, скараціў дні мае.
- 25. Я сказаў: Божа мой! не забяры мяне на палавіне дзён маіх. Твае гады ў роды родаў.
- 26. На пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы - дзея рук Тваіх;
- 27. яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як рыза, спарахнеюць, і, як адзеньне, Ты пераменіш іх, - і зьменяцца;
- 28. але Ты - той самы, і гады Твае ня скончацца.
- 29. Сыны рабоў Тваіх будуць жыць, і семя іхняе ўмацуецца прад абліччам Тваім.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 101