- 1. Псальма Давідава пра стварэньне сьвету. Дабраславі, душа мая, Госпада! Госпадзе, Божа мой! Ты дзівосна вялікі. Ты ўбраны ў славу і ў веліч,
- 2. Ты ўбіраешся ў сьвятло, як у шаты, прасьціраеш нябёсы, як заслону,
- 3. ладзіш над водамі вышынныя харомы Твае, робіш хмары Твае калясьніцаю, крочыш на крылах ветру.
- 4. Ты творыш анёлаў Тваіх з духаў, слуг Тваіх - з вагню палымянага.
- 5. Ты паставіў зямлю на цьвёрдых асновах: не пахісьнецца яна векавечна.
- 6. Безданьню, як вопраткаю, накрыў Ты яе; на горах воды стаяць.
- 7. Ад пагрозы Тваёй уцякаюць яны, ад голасу грому Твайго пабеглі яны;
- 8. узыходзяць на горы, сыходзяць у даліны, на месца, якое Ты ім назначыў.
- 9. Ты паклаў мяжу, якой не пяройдуць, і ня вернуцца зямлю пакрыць.
- 10. Ты паслаў крыніцы ў даліны; паміж гор цякуць воды,
- 11. пояць усіх зьвяроў польных; дзікія аслы спатольваюць смагу сваю.
- 12. Каля іх жывуць птушкі нябесныя, з гольля падаюць галасы.
- 13. Ты напойваеш горы з вышыняў Тваіх, плёнам дзеяў Тваіх зямля насычаецца.
- 14. Ты росьціш быдлу траву, і зеляніну на спажытак чалавеку, каб ежу зь зямлі здабываў,
- 15. і віно, якое вяселіць сэрца чалавеку, і алей, ад якога блішчыць твар ягоны, і хлеб, які мацуе сэрца чалавеку.
- 16. Насычаюцца дрэвы Госпада, кедры Ліванскія, якія Ён пасадзіў;
- 17. на іх гняздуюцца птушкі: яліны - пад гняздо буслам,
- 18. высокія горы - сарнам; каменныя скалы - сховы зайцам.
- 19. Ён стварыў месяц на азначэньне часу; сонца ведае свой захад.
- 20. Ты прасьціраеш цемру, і бывае ноч: уначы бадзяюцца ўсе лясныя зьвяры;
- 21. ільвы, якія рыкаюць па здабычы і просяць у Бога ежы сабе.
- 22. Устае сонца, і яны зьбіраюцца і кладуцца ў свае логвішчы;
- 23. выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю да вечара.
- 24. Як многа дзеяў Тваіх, Госпадзе! Усё стварыў Ты мудра; зямля поўная твораў Тваіх.
- 25. Гэта мора - вялікае і шырокае: там паўзуны, якім ліку няма, жывёлы малыя і вялікія;
- 26. там плаваюць караблі, там гэты левіяфан, якога Ты стварыў гуляць у ім.
- 27. Усе яны ад Цябе чакаюць, каб Ты даў ім ежу сваечасова.
- 28. Даеш ім - прымаюць; адкрываеш далоню Тваю - насычаюцца дабром;
- 29. схаваеш аблічча Тваё - палохаюцца; забіраеш у іх дух - паміраюць, і ў пыл свой вяртаюцца.
- 30. пашлеш дух Твой - ствараюцца, і Ты абнаўляеш улоньне зямлі.
- 31. Хай будзе Госпаду слава навечна; хай радуецца Гасподзь дзеямі Сваімі.
- 32. Паглядзіць на зямлю, і яна трасецца; дакранецца да гор, і дымяцца.
- 33. Буду сьпяваць Госпаду ўсё жыцьцё маё, буду сьпяваць Богу майму, пакуль я ёсьць.
- 34. Хай Яму паспрыяе песьня мая; буду радавацца ў Госпадзе.
- 35. Хай зьнікнуць грэшнікі зь зямлі, і бязбожных хай болей ня будзе. Дабраславі, душа мая, Госпада! Алілуя!
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 103