Глава 93

  • 1. Псальма Давідава ў чацьвёрты дзень тыдня. Божа помсты, Госпадзе. Божа помсты, акажы Сябе!
  • 2. Паўстань, Судзьдзя зямлі, аддай ганарліўцам адплату.
  • 3. Дакуль, Госпадзе, бязбожнікі, дакуль бязбожнікі радавацца будуць?
  • 4. Яны вырыгаюць дзёрзкія словы; пышаюцца ўсе беззаконьнікі;
  • 5. топчуць народ Твой, Госпадзе, прыгнятаюць спадчыну Тваю.
  • 6. Удаву і прыхадня забіваюць, і мардуюць сіротак,
  • 7. і кажуць: ня ўбачыць Гасподзь, і не даведаецца Бог Якаваў.
  • 8. Схамянецеся, бязглуздыя людзі! калі вы паразумнееце, недавумкі?
  • 9. Хіба Той, што вуха наставіў, не пачуе? і Той, Хто вока стварыў, ня ўбачыць?
  • 10. Хто настаўляе народы, ці ж ня выкрые, - Той, Хто вучыць чалавека разуменьню?
  • 11. Гасподзь ведае думкі чалавечыя, што яны марныя.
  • 12. Дабрашчасны той чалавек, якога настаўляеш Ты, Госпадзе, і вучыш законам Тваім,
  • 13. каб даць яму спакой у бядотныя дні, пакуль бязбожнаму будзе выкапана яма!
  • 14. Бо не адкіне Гасподзь народу Свайго і не пакіне спадчыны Сваёй.
  • 15. Бо суд вернецца да праўды, і за ім усе, хто шчырыя сэрцам.
  • 16. Хто паўстане за мяне супроць злыдняў? хто стане за мяне супроць ліхадзеяў?
  • 17. Калі б не Гасподзь быў мне памочнікам, неўзабаве ўсялілася б душа мая ў моўчу.
  • 18. Калі я казаў: хістаецца нага мая, - ласка Твая, Госпадзе, падтрымала мяне.
  • 19. Пры памнажэньні смуткаў маіх у сэрцы маім, суцяшэньні Твае душу маю шчасьцяць.
  • 20. Ці стане каля Цябе седала душагубаў, якія гвалт намышляюць насуперак закону?
  • 21. Натоўпам ідуць яны на душу праведніка, і асуджаюць кроў невінаватую.
  • 22. Але Гасподзь - абарона мая, і Бог мой - цьвярдыня прытулку майго,
  • 23. і аберне на іх беззаконьне іхняе, і зладзействам іхнім вынішчыць іх, вынішчыць іх Гасподзь Бог наш.