- 1. Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Божа хвалы маёй! не прамаўчы,
- 2. бо разьзявіліся на мяне вусны бязбожныя і вусны падступныя;
- 3. адусюль атачылі мяне словамі нянавісьці, узбройваюць супраць мяне бяз прычыны;
- 4. за любоў маю ваююць супраць мяне; а я малюся;
- 5. аддаюць мне злом за дабро, за любоў маю - нянавісьцю.
- 6. Пастаў над імі бязбожнага, і д'ябал хай стане праваруч яго.
- 7. Калі будзе судзіцца, хай будзе вінаваты, і малітва ягоная няхай стане грэхам;
- 8. хай дні ягоныя будуць кароткія, і пасад ягоны іншы хай прыймае;
- 9. дзеці ягоныя няхай будуць сіротамі, а жонка ягоная - удавою;
- 10. хай бадзяюцца дзеці ягоныя і жабруюць, і просяць хлеба з руінаў сваіх;
- 11. хай захопіць ліхвяр усё, што ёсьць у яго, хай другія захопяць працу ягоную;
- 12. хай ніхто яму не паспагадае; хай ніхто ня зьлітуецца зь сіротаў ягоных;
- 13. хай будуць нашчадкі ягоныя на пагібель, і хай забудзецца іхняе імя ў наступным родзе;
- 14. хай згадаецца прад Госпадам беззаконьне бацькоў ягоных, і грэх маці ягонай хай не загладзіцца;
- 15. хай будуць заўсёды яны ў вачах Госпада, і хай вынішчыць Ён на зямлі пра іх памяць
- 16. за тое, што ён ня думаў пра літасьць, а гнаў чалавека беднага і ўбогага і зламанага сэрцам, каб забіць яго;
- 17. палюбіў праклён, і праклён спадобіць яго; не захацеў дабраславеньня, яно ад яго і адыдзе;
- 18. хай у пракляцьце апранецца, быццам у рызу, і хай увойдзе яно, як вада, у нутробу ягоную і, як алей, у косткі ягоныя;
- 19. хай будзе яно яму, нібы вопратка, у якую ён апранецца, і як пояс, якім заўсёды перапаясваецца.
- 20. Такая аддача ад Госпада ворагам маім і тым, што ліхасловяць душу маю!
- 21. Са мною, Госпадзе, Госпадзе, чыні дзеля імя Твайго, бо добрая міласьць Твая; уратуй мяне,
- 22. бо я бедны і ўбогі, і сэрца маё паранена ўва мне.
- 23. Я зьнікаю, быццам цень, калі хіліцца дзень, гоняць мяне, як саранчу.
- 24. Калені мае зьнемаглі ад посту, і цела маё засталося бяз тлушчу.
- 25. Я зрабіўся для іх пасьмешышчам; убачыўшы мяне, галовамі круцяць.
- 26. Памажы мне, Госпадзе, Божа мой; уратуй мяне з ласкі Тваёй,
- 27. хай уведаюць, што гэта Твая рука, і што Ты, Госпадзе, учыніў гэта.
- 28. Яны праклінаюць, а Ты дабраславі; яны паўстаюць, але няхай будуць пасаромленыя; а раб Твой хай радуецца.
- 29. Хай апрануцца праціўнікі мае ў ганьбу і, як вопраткаю, хай накрыюцца сорамам сваім.
- 30. І я голасна буду вуснамі сваімі славіць Госпада і сярод мноства Яго праслаўляць:
- 31. бо Ён стаіць праваруч беднага, каб ратаваць яго ад судзьдзяў душы ягонай.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 108