Глава 111

  • 1. Алілуя! Дабрашчасны муж, што баіцца Госпада і шчыра любіць ягоныя запаведзі.
  • 2. Моцнае будзе насеньне ягонае на зямлі; род праведных дабраславёны будзе.
  • 3. Дастатак і багацьце ў доме ў яго, і праўда Ягоная трывае вечна.
  • 4. У цемры ўзыходзіць сьвятло справядлівым; добрае яно і міласэрнае і праведнае.
  • 5. Добры чалавек міласэрны і пазычае; ён дасьць цьвёрдасьць словам сваім на судзе.
  • 6. Ён вавек не пахісьнецца, у вечнай памяці праведны будзе.
  • 7. Не пабаіцца нядобрае славы; сэрца ў яго цьвёрдае, спадзяецца на Госпада.
  • 8. Умацаванае сэрца ў яго; ён не збаіцца, калі гляне на ворагаў сваіх.
  • 9. Ён шчодра раздаў, абдарыў убогіх; праўда ягоная застаецца навечна; рог ягоны ўзьнясецца ў славе.
  • 10. Бязбожны гэта пабачыць і будзе злавацца. заскрыгоча зубамі сваімі, і растане. Жаданьне бязбожных загіне.