• 1. Алілуя. Калі выйшаў Ізраіль зь Егіпта, дом Якава - з народу іншапляменнага,
  • 2. Юда зрабіўся сьвятыняю Ягонаю, Ізраіль - валоданьнем Ягоным.
  • 3. Мора ўгледзела, і пабегла; Ярдан павярнуўся назад.
  • 4. Горы скакалі, як бараны, і пагоркі, як ягняткі.
  • 5. Што з табою, мора, чаго ты пабегла, і з табою, Ярдане, чаго павярнуўся назад?
  • 6. Чаго вы скачаце, горы, як бараны, і вы, пагоркі, як ягняткі?
  • 7. Прад абліччам Госпада дрыжы, зямля, прад абліччам Бога Якава,
  • 8. Які ператварае скалу ў возера вады і камень - у крыніцу вады.
  • 9. Ня нам, Госпадзе, ня нам, а імю Твайму дай славу, дзеля ласкі Тваёй, дзеля праўды Тваёй.
  • 10. Навошта язычнікі кажуць: дзе ж іхні Бог?
  • 11. Бог наш на небе і на зямлі; творыць усё, што хоча.
  • 12. А іхнія ідалы - срэбра і золата, творы рук чалавечых.
  • 13. Ёсьць у іх вусны, але не гавораць; ёсьць у іх вочы, але ня бачаць;
  • 14. ёсьць у іх вушы, але ня чуюць; ёсьць у іх ноздры, але нюху няма;
  • 15. ёсьць у іх рукі, але не адчуваюць; ёсьць у іх ногі, але ня ходзяць; і яны гукаў не выдабываюць з горла свайго.
  • 16. Няхай будуць да іх падобныя тыя, што іх робяць, і ўсе, хто на іх спадзяецца.
  • 17. Доме Ізраілеў! спадзявайся на Госпада; Ён - нам дапамога і шчыт.
  • 18. Доме Ааронаў! спадзявайся на Госпада; Ён - нам дапамога і шчыт.
  • 19. Хто баіцца Госпада! спадзявайся на Госпада; Ён - нам дапамога і шчыт.
  • 20. Гасподзь нас памятае, дабраслаўляе нас, дабраслаўляе Ізраілеў дом, дабраслаўляе Ааронаў дом;
  • 21. дабраслаўляе тых, што баяцца Госпада, малых і вялікіх.
  • 22. Няхай дадасьць вам Гасподзь болей і болей, вам і дзецям вашым,
  • 23. дабраславёныя вы Госпадам, Які стварыў неба і зямлю.
  • 24. Неба - неба Госпаду, а зямлю Ён даў сынам чалавечым.
  • 25. Ня мёртвыя ўславяць Госпада, ні ўсё, што ў магілу сыходзіць,
  • 26. а мы жывыя дабраслаўляцьмем Госпада ад сёньня і давеку. Алілуя.