Глава 102

  • 1. Псальма Давідава. Дабраславі, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё - сьвятое імя Ягонае.
  • 2. Дабраславі, душа мая, Госпада, і не забывай усіх добрых дзеяў Ягоных.
  • 3. Ён даруе ўсе беззаконьні твае; ацаляе ўсе немачы твае;
  • 4. ад магілы жыцьцё тваё вызваляе, вянчае цябе міласьцю і шчадротамі;
  • 5. насычае дабротамі жаданьні твае: абнаўляецца, як арол, юнацтва тваё.
  • 6. Гасподзь творыць праўду і суд усім пакрыўджаным.
  • 7. Ён паказаў шляхі Свае Майсею, сынам Ізраілевым - дзеі Свае.
  • 8. Шчодры і міласьцівы Гасподзь, вельмі цярплівы і шчодраміласьцівы:
  • 9. не да канца гневаецца і не навек абураецца.
  • 10. Не паводле злачынстваў нашых стварыў нам, і не паводле грахоў нашых аддаў нам:
  • 11. бо, як высока неба над зямлёю, так вялікая ласка Госпада да тых, хто баіцца Яго;
  • 12. як далёка ўсход ад захаду, так аддаліў Ён ад нас беззаконьні нашыя;
  • 13. як бацька даруе сынам, так даруе Гасподзь тым, хто баіцца Яго.
  • 14. Бо Ён ведае склад наш, памятае, што мы - пыл.
  • 15. Дні чалавечыя - як трава; як польная краска, так ён цьвіце.
  • 16. Пройдзе над ім вецер, і няма яго, і месца ягонае ўжо не пазнае яго.
  • 17. А ласка Гасподняя зьвеку й давеку тым, хто баіцца Яго,
  • 18. і праўда Ягоная на сынах сыноў, якія захоўваюць запавет Ягоны і памятаюць наказы Ягоныя, каб выконваць іх.
  • 19. Гасподзь на нябёсах паставіў Свой трон, і царства Ягонае ўсім валодае.
  • 20. Дабраславеце Госпада, усе анёлы Ягоныя, моцныя сілаю, выканаўцы слова Ягонага.
  • 21. Дабраславеце Госпада, усе войскі Ягоныя, службіты Ягоныя, што выконваюць волю Ягоную.
  • 22. Дабраславеце Госпада, усе дзеі Ягоныя, ва ўсіх месцах валадарства Ягонага. Дабраславі, душа мая, Госпада!