- 1. Быў чалавек у зямлі Уц, імя ягонае Ёў; і быў чалавек гэты беззаганны, справядлівы і богабаязны і ўхіляўся ад зла.
- 2. І нарадзіліся ў яго сем сыноў і тры дачкі.
- 3. Маёмасьці ў яго было: сем тысяч дробнага быдла, тры тысячы вярблюдаў, пяцьсот пар валоў і пяцьсот асьліц і даволі многа прыслугі; і быў чалавек гэты знакаміты больш за ўсіх сыноў Усходу.
- 4. Сыны яго сыходзіліся, ладзілі гасьціны кожны ў сваім доме, у свой дзень, і пасылалі і запрашалі трох сясьцёр сваіх есьці і піць зь імі.
- 5. Калі ўсчыналася кола бяседных дзён, Ёў пасылаў па іх і асьвячаў іх і, устаючы рана раніцай, прыносіў цэласпаленьне па ліку ўсіх іх. Бо казаў Ёў: можа быць, сыны мае зграшылі і зганілі Бога ў сэрцы сваім. Так рабіў Ёў ва ўсе такія дні.
- 6. І быў дзень, калі прыйшлі сыны Божыя стаць прад Госпадам; сярод іх прыйшоў і сатана.
- 7. І сказаў Гасподзь сатане: адкуль ты прыйшоў? і адказаў сатана Госпаду і сказаў: я хадзіў па зямлі і абышоў яе.
- 8. І сказаў Гасподзь сатане: ці зьвярнуў ты ўвагу сваю на раба Майго Ёва? бо няма такога, як ён, на зямлі: чалавек беззаганны, справядлівы, богабаязны і ўцечны ад зла.
- 9. І адказаў сатана Госпаду і сказаў: хіба задарам богабаязны Ёў?
- 10. ці ня Ты вакол асланіў яго і дом ягоны і ўсё, што ў яго? Дзеі рук ягоных Ты дабраславіў, і статкі ягоныя шырацца па зямлі;
- 11. але працягні руку Тваю і дакраніся да ўсяго, што ў яго, - ці дабраславіць ён Цябе?
- 12. І сказаў Гасподзь сатане: вось, усё, што ў яго, у руцэ тваёй; толькі на самога не прасьцірай рукі тваёй. І адышоў сатана ад аблічча Гасподняга.
- 13. І быў дзень, калі сыны ягоныя і дочкі ягоныя елі і віно пілі ў доме ў першароднага брата свайго.
- 14. І вось, прыходзіць весьнік да Ёва і кажа:
- 15. валы аралі, і асьліцы пасьвіліся каля іх, як напалі Савэяне і забралі іх, а хлопчыкаў пабілі вастрыём меча; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
- 16. Яшчэ ён гаварыў, як прыходзіць другі і кажа: агонь Божы ўпаў зь неба і абпаліў авечак і хлопчыкаў і зжэр іх; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
- 17. Яшчэ ён гаварыў, як прыходзіць другі і кажа: Халдэі сталі трыма атрадамі і кінуліся на вярблюдаў і забралі іх, а хлопчыкаў пабілі вастрыём меча; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
- 18. Яшчэ гэты гаварыў, прыходзіць другі і кажа: сыны твае і дочкі твае елі і віно пілі ў доме ў першароднага брата свайго;
- 19. і вось, вялікі вецер прыйшоў з пустыні і ахапіў чатыры вуглы дома, і дом упаў на хлопчыкаў, і яны памерлі; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе.
- 20. Тады Ёў устаў і падраў вопратку на сабе, пастрыг галаву сваю і ўпаў на зямлю і пакланіўся
- 21. і сказаў: голы я выйшаў з чэрава маці маёй, голы і вярнуся. Гасподзь даў, Гасподзь і ўзяў, хай будзе імя Гасподняе дабраславёна!
- 22. Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў і не вымавіў нічога неразумнага пра Бога.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ёв > Глава 1