- 1. Дык вось, слухай, Ёў, словы мае і ўважай усім словам маім.
- 2. Вось, я адкрываю вусны мае, язык мой гаворыць у гартані маёй.
- 3. Словы мае ад шчырасьці майго сэрца, і вусны мае вымавяць веданьне чыстае.
- 4. Дух Божы стварыў мяне, і дыханьне ‹сеўладнага дало мне жыцьцё.
- 5. Калі можаш, адказвай мне і стань перад мною.
- 6. Вось я, па жаданьні тваім, замест Бога. Я створаны таксама з гразі;
- 7. таму страх перад мною ня можа зьбянтэжыць мяне, і рука мая ня будзе цяжкая табе.
- 8. Ты гаварыў у вушы мае, і я чуў гук слоў:
- 9. "чысты я, без пахібы, нявінны я і няма ўва мне няпраўды;
- 10. а Ён знайшоў абвінавачаньне супроць мяне і лічыць мяне Сваім супраціўцам;
- 11. закаваў ногі мае ў калодкі, сочыць за ўсімі шляхамі маімі".
- 12. Вось у гэтым няпраўда твая, адказваю табе, таму што Бог вышэйшы за чалавека.
- 13. Навошта табе спаборнічаць зь Ім? Ён не адказвае ні за якія дзеі Свае.
- 14. Бог гаворыць адзін раз, і калі таго не заўважаць, другі раз:
- 15. у сьне, у начных відзежах, калі сон находзіць на людзей, у час дрымоты на ложку.
- 16. Тады ён адкрывае ў чалавека вуха і ўкладвае Сваё настаўленьне,
- 17. каб адвесьці чалавека ад якой-небудзь задумы і адвесьці ад яго пыху,
- 18. каб адвесьці душу ягоную ад прорвы і жыцьцё ягонае ад паразы мечам.
- 19. Альбо ён наводзіцца на розум хваробаю на ложку сваім і моцным болем ва ўсіх касьцях сваіх, -
- 20. і жыцьцё ягонае адварочваецца ад хлеба і душа ягоная ад смачнай яму ежы.
- 21. Плоць на ім прападае, так што яе ня відаць, і паказваюцца косьці ягоныя, якіх ня было відаць.
- 22. І душа ягоная набліжаецца да магілы і жыцьцё ягонае - да сьмерці.
- 23. Калі ёсьць у яго анёл-настаўнік адзін з тысячы, каб паказаць чалавеку простую дарогу ягоную, -
- 24. Бог умілажаліцца зь яго і скажа: вызвалі яго ад магілы; Я знайшоў умілажаленьне.
- 25. Тады цела ягонае зробіцца сьвяжэйшае, чым у маладосьці; ён вернецца ў дні маладосьці сваёй.
- 26. Будзе маліцца Богу, і Ён - літасьцівы да яго; з радасьцю глядзіць на твар ягоны і вяртае чалавеку праведнасьць ягоную.
- 27. Ён будзе глядзець на людзей і казаць: "грашыў я і перакручваў праўду, і не адплачана мне;
- 28. Ён вызваліў душу маю ад магілы, і жыцьцё маё бачыць сьвятло".
- 29. Вось, усё гэта робіць Бог два-тры разы з чалавекам,
- 30. каб адвесьці душу ягоную ад магілы і прасьвятліць яго сьвятлом жывых.
- 31. Уважай, Ёве, слухай мяне, маўчы, і я буду гаварыць.
- 32. Калі маеш сказаць што, адказвай; кажы, бо Я хацеў бы твайго апраўданьня;
- 33. а калі не, дык слухай мяне, і я навучу цябе мудрасьці.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ёв > Глава 33