- 1. І адказваў Сатар Нааміцянін і сказаў:
- 2. хіба на мноства слоў нельга даць адказу, і хіба чалавек шматслоўны мае рацыю?
- 3. Пустаслоўе тваё ці ж прымусіць маўчаць мужоў, каб ты глуміўся, і ня было каму прысароміць цябе?
- 4. Ты сказаў: меркаваньне маё правільнае, і чысты я ў вачах Тваіх.
- 5. Але калі б Бог загаварыў і растуліў вусны Свае дзеля цябе
- 6. і адкрыў табе таямніцы мудрасьці, што табе ўдвая больш належала перацерпець! Дык вось ведай, што Бог дзеля цябе некаторыя з тваіх беззаконьняў аддаў забыцьцю.
- 7. Ці можаш ты дасьледаваньнем знайсьці Бога? Ці можаш цалкам спасьцігнуць Усеўладнага?
- 8. Ён вышэйшы за нябёсы, - што можаш зрабіць? глыбейшы за апраметную, - што можаш даведацца?
- 9. Даўжэйшая за зямлю мера Ягоная і шырэйшая за мора.
- 10. Калі Ён прыйдзе і замкне каго-небудзь у кайданы і паставіць на суд, дык хто адхіліць Яго?
- 11. Бо Ён ведае людзей манлівых і бачыць беззаконьне, і ці ж пакіне яго без увагі?
- 12. Але пусты чалавек мудруе, хоць чалавек нараджаецца падобна дзікаму асьляняці.
- 13. Калі ты ўправіш сэрца сваё і працягнеш да Яго рукі твае,
- 14. і калі ёсьць загана ў руцэ тваёй, а ты выдаліш яе і не дасі беззаконьню жыць у намётах тваіх,
- 15. дык падымеш незаплямлены твар твой і будзеш цьвёрды і ня будзеш баяцца.
- 16. Тады забудзеш гора: як пра ваду, што працякла, будзеш успамінаць пра яго.
- 17. І ясьней за полудзень пойдзе жыцьцё тваё; прасьветлішся, як раніца.
- 18. І будзеш спакойны, бо ёсьць надзея; ты аслонены і можаш спаць у бясьпецы.
- 19. Будзеш ляжаць, і ня будзе застрашніка, і многія будуць ласьціцца да цябе.
- 20. І вочы беззаконьнікаў растануць, і прыстанішча прападзе ў іх, і надзея іхняя шчэзьне.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ёв > Глава 11