- 1. І адказваў Сатар Нааміцянін і сказаў:
- 2. развагі мае змушаюць мяне адказаць, і я сьпяшаюся выказаць іх.
- 3. Дакор ганебны мне выслухаў я, і дух разуменьня майго адкажа за мяне.
- 4. Хіба ня ведаеш ты, што спрадвеку, - з таго часу, як пастаўлены чалавек на зямлі,
- 5. весялосьць беззаконных кароткая ў часе, і радасьць крывадушнікаў імгненная?
- 6. Хоць бы вырасла да нябёсаў веліч ягоная, і галава ягоная дастала да воблакаў, -
- 7. як памёт ягоны, навекі прападае ён; тыя, што бачылі яго, скажуць, дзе ён?
- 8. Як сон, адляціць, і ня знойдуць яго; і, як начны відзеж, зьнікне.
- 9. Вока, якое бачыла яго, больш не пабачыць яго, і ўжо ня ўгледзіць яго месца ягонае.
- 10. Сыны яго будуць шукаць ласкі ў жабракоў, і рукі ягоныя вернуць украдзенае ім.
- 11. Косткі яго напоўнены грахамі маладосьці ягонай, і зь ім лягуць яны ў пыл.
- 12. Калі салодкае ў роце яго зло і ён тоіць яго пад языком сваім,
- 13. беражэ і ня кідае яго, а трымае яго ў вуснах, -
- 14. дык гэтая ежа ягоная ў нутробе ягонай ператворыцца ў жоўць аспідаў усярэдзіне ў яго.
- 15. Маёмасьць, якую ён глытаў, выблюе: Бог вырве яго з чэрава ягонага.
- 16. Зьмяіны яд ён смокча; усьмерціць яго язык зьмяіны.
- 17. Ня бачыць яму ручаёў, рэк, якія плывуць мёдам і малаком!
- 18. Нажытае працай верне, не праглыне; у меру маёмасьці ягонай будзе і адплата ягоная, а ён не парадуецца.
- 19. Бо ён прыгнятаў, адсылаў бедных, захопліваў дамы, якіх не будаваў;
- 20. ня ведаў сытасьці ў чэраве сваім і ў прагнасьці сваёй не шкадаваў нічога.
- 21. Нішто не ўратавалася ад ненаеднасьці ягонай, затое ня вытрывае шчасьце ягонае.
- 22. У поўніцы багацьця будзе цесна яму; рука кожнага пакрыўджанага падымецца на яго.
- 23. Калі будзе чым напоўніць нутробу ягоную, Ён пашле на яго лютасьць гневу Свайго і здожджыць на яго хваробы ў плоці ягонай.
- 24. Як уцячэ ён ад зброі жалезнай, - пратне яго лук медны;
- 25. пачне вымаць стралу, - і яна выйдзе зь цела, выйдзе, зьзяючы праз жоўць ягоную; жахі сьмерці прыйдуць на яго!
- 26. Усё змрочнае схавана ўсярэдзіне ў яго; будзе пажыраць яго агонь, нікім не разьдзіманы; ліха напаткае і ўсё, што засталося ў намёце ягоным.
- 27. Неба адкрые беззаконьне ягонае, і зямля паўстане супроць яго.
- 28. Зьнікне сьцягнутае з дома ягонага; усё расплывецца ў дзень гневу Яго.
- 29. Вось доля чалавеку беззаконнаму ад Бога і спадчына, вызначаная яму Ўсеўладным!
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ёв > Глава 20