Глава 37

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42
  • 1. І ад гэтага дрыжыць сэрца маё і зрушылася зь месца свайго.
  • 2. Слухайце, слухайце голас Яго і гром з вуснаў Ягоных.
  • 3. Пад усім небам раскаты Ягоныя, і бляск Ягоны - да краёў.
  • 4. За ім грыміць голас; грыміць Ён голасам велічы Сваёй і ня спыняе яго, калі голас Ягоны пачуты.
  • 5. Даўно грыміць Бог голасам Сваім, чыніць дзеі вялікія, нам не спасьцігальныя.
  • 6. Бо сьнегу Ён кажа: будзь на зямлі; гэтак сама дробны дождж і вялікі дождж у Ягонай уладзе.
  • 7. Ён кладзе пячатку на руку кожнаму чалавеку, каб усе людзі ведалі дзею Яго.
  • 8. Тады зьвер сыходзіць у сховішча і застаецца ў сваіх логавах.
  • 9. З поўдня прыходзіць бура, а з поўначы - сьцюжа.
  • 10. Ад павеву Божага паходзіць лёд, і паверхня вады сьціскаецца.
  • 11. Гэтак сама вільгацьцю напаўняе Ён хмары, і воблакі сеюць сьвятло Ягонае,
  • 12. і яны кіруюцца паводле намераў Ягоных, каб выканаць тое, што Ён загадае ім на ўлоньні населенай зямлі.
  • 13. Ён загадвае ім ісьці альбо дзеля пакараньня, альбо ў дабраволеньне, альбо дзеля памілаваньня.
  • 14. Слухай гэтага, Ёў; стой і разумей дзівосныя дзеі Божыя.
  • 15. Ці ведаеш, як Бог кіруе імі і загадвае сьвятлу зьзяць з воблака Свайго?
  • 16. Ці разумееш раўнавагу воблакаў, дзівосную дзею Найдасканалейшага ў веданьні?
  • 17. Як награваецца твая вопратка, калі Ён супакойвае зямлю з поўдня?
  • 18. Ці ж ты зь Ім распасьцёр нябёсы, цьвёрдыя, як літае люстра?
  • 19. Навучы нас, што сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры нічога ня можам ведаць.
  • 20. Ці будзе абвешчана Яму, што я кажу? Ці сказаў хто, што сказанае даносіцца Яму?
  • 21. Цяпер ня бачна яркага сьвятла ў воблаках, але праляціць вецер і расчысьціць іх.
  • 22. Сьветлае надворэе прыходзіць з поўначы, і вакол Бога страшэнная прыгажосьць.
  • 23. Усеўладца! мы не дасягаем Яго. Ён вялікі сілаю і поўніцаю правасудзьдзя. Ён ні на кога не гняце.
  • 24. Таму хай багавеюць прад Ім людзі, і хай дрыжаць прад Ім усе мудрыя сэрцам!