Глава 6

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42
  • 1. І адказваў Ёў і сказаў:
  • 2. о, калі б правільна былі ўзважаныя мае енкі, і разам зь імі паклалі на шалі пакуту маю!
  • 3. Яна пэўна пераважыла б пясок марскі! Таму словы мае палкія.
  • 4. Бо стрэлы Ўсемагутнага ўва мне; яд іх п'е дух мой; жудасьці Божыя паўсталі супроць мяне.
  • 5. Ці раве дзікі асёл на траве? ці рыкае бык каля мяшанкі сваёй?
  • 6. Ці нясмачнае ядуць без солі, і ці ёсьць смак у яечным бялку?
  • 7. Да чаго не хацела дакрануцца душа мая, тое і ёсьць агідная ежа мая.
  • 8. О, калі б збылося жаданьне маё, і спадзяваньне маё спраўдзіў Бог!
  • 9. О, калі б узычыў Бог зламаць мяне, працягнуў руку і пабіў мяне!
  • 10. Гэта было б яшчэ радасьцю мне, і я мацаваўся б у маёй бязьлітаснай хваробе, бо я ня зрокся словаў Сьвятога.
  • 11. Якая сіла ў мяне, каб спадзявацца мне? і які канец, каб доўжыць мне жыцьцё маё?
  • 12. Ці цьвёрдасьць камянёў - цьвёрдасьць мая? ці медзь - плоць мая?
  • 13. Ці ёсьць ува мне дапамога мне, і ці ёсьць мне якая апора?
  • 14. спрагненаму павінна быць спагада сябра ягонага, калі толькі ён не адкінуў страху прад Усеўладным.
  • 15. Але браты мае няверныя, як паток, як хуткаплынныя ручаі,
  • 16. якія чорныя ад лёду і ў якіх зьнікае сьнег.
  • 17. Калі робіцца цёпла, яны ападаюць, а ў сьпёку зьнікаюць зь месцаў сваіх.
  • 18. Ухіляюць яны кірунак шляхоў сваіх, заходзяць у пустыню і чэзнуць;
  • 19. глядзяць на іх дарогі Тэмайскія, спадзяюцца на іх шляхі Савэйскія,
  • 20. але застаюцца пасаромленыя ў сваёй надзеі: прыходзяць туды і ад сораму чырванеюць.
  • 21. Так і вы цяпер нішто: убачылі страшнае і спалохаліся.
  • 22. Ці не казаў я: дайце мне, і ад дастатку вашага заплаціце за мяне;
  • 23. і выбаўце мяне ад рукі ворага, і ад рукі катаў выкупіце мяне?
  • 24. Навучэце мяне, і я замоўкну; пакажэце, у чым я зграшыў.
  • 25. Якія моцныя словы праўды! Але што даказваюць выкрываньні вашыя?
  • 26. Вы прыдумваеце казані дзеля выкрыцьця? На вецер пускаеце словы вашыя.
  • 27. Вы нападаеце на сірату і капаеце яму сябру вашаму.
  • 28. Але прашу вас, зірнеце на мяне; ці ж буду я казаць няпраўду перад абліччам вашым?
  • 29. Перагледзьце, ці ёсьць няпраўда? перагледзьце, - праўда мая.
  • 30. Ці ёсьць на языку маім няпраўда? Няўжо горла маё ня можа адрозьніць горычы?