- 1. І адказваў Ёў і сказаў:
- 2. дакуль будзеце мучыць душу маю і рваць мяне прамовамі?
- 3. Вось, ужо разоў дзесяць вы сарамацілі мяне і не саромеецеся ўціскаць мяне.
- 4. Калі я і сапраўды зграшыў, дык грэх мой пры мне застаецца.
- 5. Калі ж вы хочаце ўзьвялічыцца над мною і ўпікнуць мяне ганьбаю маёю,
- 6. дык ведайце, што Бог скінуў мяне і абклаў мяне Сваёю сеткаю.
- 7. Вось, я крычу: крыўда! і ніхто ня слухае; енчу, і няма суду.
- 8. Ён заступіў мне дарогу, і не магу прайсьці, і сьцежкі мае зацемрыў.
- 9. Зьняў зь мяне славу маю і зьняў вянок з галавы маёй.
- 10. Зусім спустошыў мяне, і я адыходжу; і, як дрэва, Ён вырваў надзею маю.
- 11. Запалаў на мяне гневам Сваім і лічыць мяне сярод ворагаў Сваіх.
- 12. Палкі Ягоныя прыйшлі разам і скіравалі дарогу сваю да мяне і разьмясьціліся вакол намёта майго.
- 13. Братоў маіх Ён зьвёў ад мяне, і тыя, што ведалі мяне, цураюцца мяне.
- 14. Пакінулі мяне блізкія мае, і знаёмыя мае забылі мяне.
- 15. Прыхадні ў доме маім і служанкі мае чужым лічаць мяне; староньнім зрабіўся я ў вачах у іх.
- 16. Клічу слугу майго, і ён не адгукаецца; вуснамі маімі павінен я ўмольваць яго.
- 17. Дыханьне маё збрыдзела жонцы маёй, і я павінен умольваць яе дзеля дзяцей чэрава майго.
- 18. Нават малыя дзеці пагарджаюць мною; падымаюся, і яны зьдзекуюцца зь мяне.
- 19. Гідзяцца мною ўсе вернікі мае, і тыя, каго я любіў, абярнуліся супроць мяне.
- 20. Косткі мае прыліплі да скуры маёй і мяса майго, і я застаўся толькі са скураю каля зубоў маіх.
- 21. Умілажальцеся зь мяне вы, сябры мае, - бо рука Божая кранулася мяне.
- 22. Навошта і вы перасьледуеце мяне, як Бог, і плоцьцю маёю ня можаце насыціцца?
- 23. О, калі б запісаны былі словы мае! калі б накрэсьлены былі яны ў кнізе
- 24. разцом жалезным з волавам, - на вечныя часы на камені выразаны былі!
- 25. Але я ведаю, Заступнік мой жывы і стане пасьля мяне над зямлёю. І пасьля таго як мая скура будзе разбурана,
- 26. і з плоці маёй я ўбачу Бога.
- 27. Я ўбачу Яго сам; мае вочы, ня вочы іншага, убачаць Яго. Растае сэрца маё ў грудзях маіх!
- 28. Вам трэба было б сказаць: навошта мы перасьледуем яго? Быццам корань зла знойдзены ўва мне.
- 29. Збойцеся меча, бо меч ёсьць помсьнік няпраўды, і ведайце, што ёсьць суд.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ёв > Глава 19