- 1. Пасьля таго разамкнуў Ёў вусны свае і пракляў дзень свой.
- 2. І пачаў Ёў і сказаў:
- 3. хай загіне дзень, калі я нарадзіўся, і ноч, калі было сказана: зачаўся чалавек!
- 4. Дзень той хай будзе цемраю; хай не дагледзіць яго Бог згары, і хай не зазьзяе над ім сьвятло!
- 5. Хай запамрочыць яго цемра і цень сьмяротны, хай завалачэ яго хмара, хай баяцца яго, як палючае спёкі!
- 6. Ноч тая, - хай забярэ яе змрок, хай не залічыцца яна ў дні года, хай ня ўвойдзе ў лік месяцаў!
- 7. О! ноч тая - хай будзе яна бязьлюдная; хай ня ўвойдзе ў яе весялосьць!
- 8. Хай праклянуць яе кляцьбіты дня, здольныя разбудзіць Левіяфана!
- 9. Хай зацьмяцца зоркі сьвітаньня яе: хай чакае яна сьвятла, і яно ня прыходзіць, і хай ня ўбачыць яна веяў дзяньніц
- 10. за тое, што не замкнула дзьвярэй улоньня маці маёй і не схавала гароты ад вачэй маіх!
- 11. Чаму не памёр я, выходзячы з нутробы, і не сканаў, калі выйшаў з чэрава?
- 12. Чаму прынялі мяне калені? навошта было мне смактаць саскі?
- 13. Цяпер ляжаў бы я і спачываў: спаў бы, і было б мне спакойна
- 14. з царамі і дарадцамі зямлі, якія забудоўвалі сабе пустыні,
- 15. ці з князямі, у якіх было золата і якія напаўнялі дамы свае срэбрам;
- 16. ці, як выкідзень пахаваны, не існаваў бы я, як немаўляты, якія сьвятла не пабачылі.
- 17. Там беззаконныя перастаюць наводзіць страх, і там адпачываюць зьнясіленыя.
- 18. Там вязьні цешацца спакоем і ня чуюць крыкаў наглядчыка.
- 19. Малы і вялікі там роўныя, і раб свабодны ад гаспадара свайго.
- 20. Навошта дадзена пакутніку сьвятло і жыцьцё засмучаным душою,
- 21. якія чакаюць сьмерці, і няма яе, якія выкапалі б яе ахвотней, чым скарб.
- 22. Узрадаваліся б да захапленьня, захапіліся б, што знайшлі магілу?
- 23. Навошта дадзена сьвятло чалавеку, шлях якога зачынены і якога Бог атачыў змрокам?
- 24. Уздыханьні мае апярэджваюць хлеб мой, і стогны мае ліюцца, як вада,
- 25. бо жудаснае, чаго я жахаўся, тое і напаткала мяне; і чаго я баяўся, тое і прыйшло да мяне.
- 26. Няма мне міру, няма спакою, няма радасьці: спасьцігла няшчасьце.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ёв > Глава 3