- 1. Чаму не схаваныя ад Усемагутнага часіны, і тыя, што ведаюць Яго, ня бачаць дзён Ягоных?
- 2. Межы перасоўваюць, гоняць статкі і пасьвяць у сябе;
- 3. у сіротаў зводзяць асла, ва ўдавы бяруць пад заклад вала;
- 4. бедных спіхваюць з дарогі, усе прыніжаныя зямлі вымушаны хавацца.
- 5. Вось яны, як дзікія аслы ў пустыні, выходзяць на дзею сваю, устаючы рана на здабычу; стэп дае хлеб ім і дзецям іхнім;
- 6. жнуць яны на полі не сваім і зьбіраюць вінагарад у бязбожніка;
- 7. голыя начуюць без покрыва і бяз вопраткі на сьцюжы;
- 8. мокнуць ад горных дажджоў і, ня маючы сховішча, ціснуцца да скалы;
- 9. адрываюць ад саскоў сірату і з убогага бяруць заклад;
- 10. прымушаюць хадзіць голымі, без адзеньня, і галодных кормяць каласамі;
- 11. паміж сьценамі чавяць алей аліўкавы, топчуць у чавілах і прагнуць.
- 12. У горадзе людзі стогнуць, і душа забіваных енчыць, і Бог не забараняе гэтага.
- 13. Ёсьць сярод іх ворагі сьвятла, ня ведаюць ягоных шляхоў і ня ходзяць па сьцежках ягоных.
- 14. На золку ўстае забойца, забівае беднага і ўбогага, а ўначы бывае злодзеем.
- 15. І вока пералюбніка чакае сутоньня, кажучы: нічыё вока ня ўбачыць мяне, - і захінае твар.
- 16. У цемры падкопваюцца пад дамы, якія ўдзень яны прыкмецілі сабе; ня ведаюць сьвятла.
- 17. Бо ім раніца - сьмяротны цень, бо яны знаёмыя з жахамі сьмяротнага ценю.
- 18. Лёгкі такі на паверхні вады, праклятая доля ягоная на зямлі, і не глядзіць ён на дарогу садоў вінаградных.
- 19. Засуш і сьпёка паглынаюць сьнегавую ваду: так апраметная - грэшнікаў.
- 20. Няхай забудзе яго нутроба матчыная; няхай ласуецца ім чарвяк; няхай не захаваецца пра яго памяць; як дрэва, няхай зломіцца беззаконьнік,
- 21. які прыгнятае бязьдзетную, якая не раджала, і ўдаве ня робіць дабра.
- 22. Ён і дужых зводзіць сілаю сваёю; ён устае, і ніхто ня пэўны за жыцьцё сваё.
- 23. А Ён дае яму ўсё для бясьпекі, і ён на тое абапіраецца, і вочы Ягоныя бачаць шляхі іхнія.
- 24. Падняліся высока, - і вось, няма іх; падаюць, і паміраюць, як і ўсе, і, як вярхі каласкоў, зразаюцца.
- 25. Калі гэта ня так, - хто выкрые мяне за ману і ў нівеч аберне словы мае?
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ёв > Глава 24