- 1. Гасподзь адказваў Ёву з буры і сказаў:
- 2. хто гэты, які азмрочвае наканаванае словамі бяз сэнсу?
- 3. Аперажы сёньня сьцёгны твае, як муж: Я буду пытацца ў цябе, і ты адказвай мне:
- 4. дзе быў ты, калі Я закладваў асновы зямлі? скажы, калі ведаеш.
- 5. Хто паклаў меру ёй, калі ведаеш? альбо хто працягваў па ёй вяроўку?
- 6. На чым умацаваны асновы яе, альбо хто паклаў кутні камень на ёй,
- 7. пры ўсеагульнай радасьці ранішніх зорак, калі сыны Божыя ўсклікалі ад захапленьня?
- 8. Хто зачыніў мора брамаю, калі яно вырвалася, выйшла як бы з чэрава,
- 9. калі воблакі зрабіў вопраткаю ягонай і мглу пялёнамі ягонымі,
- 10. і зацьвердзіў яму Маё вызначэньне, і паставіў завалы і браму,
- 11. і сказаў: дагэтуль дойдзеш і не пяройдзеш, і тут мяжа пагардлівым хвалям тваім?
- 12. Ці даваў ты калі ў жыцьці сваім загад раніцы і ці ўказваў зары месца яе,
- 13. каб яна ахапіла краі зямлі і страсянула зь яе бязбожных,
- 14. каб зямля зьмянілася, як гліна пад пячаткаю, і сталася, як рознаколерная вопратка,
- 15. і каб адабралася ў бязбожных сьвятло іхняе і дзёрзкая рука іхняя паламалася?
- 16. Ці сыходзіў ты ў глыбіню мора і ці ўваходзіў у дасьледаваньне бездані?
- 17. Ці адчынялася табе брама сьмерці, і ці бачыў ты браму ценю сьмяротнага?
- 18. Ці агледзеў ты шырыню зямлі? Растлумач, калі ведаеш усё гэта?
- 19. Дзе дарога да жытлішча сьвятла, і дзе месца цемры?
- 20. Ты, вядома, даходзіў да межаў яе і ведаеш сьцежкі да дома яе.
- 21. Ты ведаеш гэта, бо ты быў ужо тады народжаны, і лік дзён тваіх вельмі вялікі.
- 22. Ці ўваходзіў ты ў сховішчы сьнегу і ці бачыў ты скарбніцы граду,
- 23. якія сьцерагу я на час смутны, на дзень бітвы і вайны?
- 24. Па якім шляху разьліваецца сьвятло і разносіцца ўсходні вецер па зямлі?
- 25. Хто праводзіць пратокі для выліваньня вады і шлях граманоснай маланцы,
- 26. каб падаў дождж на зямлю бязьлюдную, на пустыню, дзе няма чалавека,
- 27. каб насычаць пустыню і стэп і абуджаць травяныя зародкі да росту?
- 28. Ці ёсьць у дажджу бацька? альбо хто нараджае кроплі расы?
- 29. З чыйго чэрава выходзіць лёд, і іней нябесны, - хто родзіць яго?
- 30. Воды, як камень, мацнеюць, і паверхня бездані замярзае.
- 31. Ці можаш ты завязаць вузел Хіма і разьвязаць повязі Кесіль?
- 32. Ці можаш ты выводзіць сузорэі ў свой час і весьці Ас зь яе дзецьмі?
- 33. Ці ведаеш ты статуты неба, ці можаш усталяваць валадараньне яго на зямлі?
- 34. Ці можаш узвысіць голас твой да воблакаў, каб вада шчодра пакрыла цябе?
- 35. Ці можаш пасылаць маланкі, і ці пойдуць яны і ці скажуць табе: вось мы?
- 36. Хто ўклаў мудрасьць у сэрца, альбо хто даў сэнс розуму?
- 37. Хто можа разьлічыць воблакі сваёю мудрасьцю і ўтрымаць судзіны неба,
- 38. калі пыл абарочваецца ў гразь і камлыгі зьліпаюцца?
- 39. Ці ты ловіш здабычу ільвіцы і корміш маладых ільвянят,
- 40. калі яны ляжаць у бярлогах альбо тояцца пад ценем у засадзе?
- 41. Хто рыхтуе ворану корм ягоны, калі птушаняты яго крычаць да Бога, бадзяючыся безь ежы?
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ёв > Глава 38