- 1. Чалавек, народжаны жанчынай, недаўгавечны і перапоўнены журботамі:
- 2. нібы кветка, ён выходзіць і ападае; уцякае, як цень, і ня спыняецца.
- 3. І якраз на яго ты падымаеш вочы Твае, і мяне вядзеш на суд з Табою?
- 4. Хто родзіцца чыстым ад нячыстага? Ніхто.
- 5. Калі дні яму вызначаны, і лік месяцаў ягоных у Цябе, калі Ты паклаў яму крэс, якога ён не пяройдзе,
- 6. дык ухіліся ад яго: няхай ён адпачне, пакуль не закончыць, як найміт, дня свайго.
- 7. У дрэва ёсьць надзея, што яно, калі і будзе сьсечана, зноў ажыве, і парасткі ад яго выходзіць не перастануць:
- 8. калі і састарэў у зямлі корань ягоны, і пень ягоны замёр у пыле,
- 9. але, як толькі пачула ваду, яно дае парасткі і пускае вецьце, як бы нанава пасаджанае.
- 10. А чалавек памірае і распадаецца; адышоў, і дзе ён?
- 11. Сыходзяць воды з возера, і рака выцякае і высыхае:
- 12. так чалавек ляжа і ня ўстане; да сканчэньня неба ён не прачнецца і не паўстане са сну свайго.
- 13. О, калі б Ты ў апраметнай схаваў мяне і хаваў мяне, пакуль пройдзе гнеў Твой, паклаў мне тэрмін і потым згадаў пра мяне!
- 14. Калі памрэ чалавек, дык ці будзе ён зноў жыць? Ва ўсе дні вызначанага мне часу я чакаў бы, пакуль прыйдзе мне зьмена.
- 15. Паклікаў бы Ты, і Я даў бы Табе адказ, і Ты выказаў бы ўпадабаньне да твору рук Тваіх;
- 16. бо тады Ты пералічыў бы крокі мае і не сачыў бы за грэхам маім;
- 17. у зьвітку было б пазначана беззаконьне маё, і Ты закрыў бы віну маю.
- 18. Але гара, падаючы, разбураецца, і скала сыходзіць зь месца свайго;
- 19. вада сьцірае камяні; разліў яе змывае зямны пыл: так і надзею чалавека Ты зьнішчаеш.
- 20. Адціскаеш яго да канца, і ён сыходзіць; мяняеш яму твар і адсылаеш яго.
- 21. Ці ў гонары дзеці ягоныя - ён ня ведае, ці прыніжаныя - ён не заўважае;
- 22. але плоць ягоная на ім баліць, і душа ягоная ў ім пакутуе.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ёв > Глава 14