- 1. Ці ня вызначаны чалавеку час на зямлі, і дні ягоныя ці ж ня тое самае, што дні найміта?
- 2. Як раб прагне ценю і як найміт чакае канца працы сваёй,
- 3. так я атрымаў на долю месяцы марныя, і ночы бядотныя адмераны мне.
- 4. Калі кладуся, дык кажу: калі гэта ўстану? а вечар доўжыцца, і я варочаюся ўдосыць да самае раніцы.
- 5. Цела маё ў чарвяках і запыленых струпах; скура мая лопаецца і гнаіцца.
- 6. Дні мае бягуць хутчэй за чалавека і канчаюцца без надзеі.
- 7. Згадай, што жыцьцё маё павеў, што вока маё ня вернецца бачыць добрае.
- 8. Ня ўбачыць мяне вока таго, хто бачыў мяне; вочы Твае на мяне, - і няма мяне.
- 9. Радзее воблака і сыходзіць; так той, хто сышоў у апраметную, ня выйдзе,
- 10. ня вернеецца болей у дом свой, і месца ягонае ўжо ня будзе ведаць яго.
- 11. Ня буду ж я стрымліваць вуснаў маіх; буду гаварыць у сьцісласьці духу майго; буду скардзіцца ў бядоце душы маёй.
- 12. Хіба я мора альбо марская пачвара, што Ты паставіў над мною варту?
- 13. Калі падумаю: "суцешыць мяне пасьцель мая, зьнясе гароту маю ложак мой",
- 14. Ты палохаеш мяне снамі і відзежамі страшыш мяне;
- 15. і душа мая жадае лепей, каб спынілася дыханьне, лепей сьмерці, чым, каб зьберагліся косьці мае.
- 16. Апрыкрала мне жыцьцё. Ня вечна мне жыць. Адступіся ад мяне, бо дні мае марныя.
- 17. Што такое чалавек, што Ты так цэніш яго і зьвяртаеш на яго ўвагу Тваю,
- 18. наведваеш яго кожнае раніцы, кожнае імгненьне выпрабоўваеш яго?
- 19. Дакуль жа Ты не пакінеш, дакуль не адыдзеш ад мяне, дакуль не дасі мне праглынуць сьліну маю?
- 20. Калі я зграшыў, дык што я зраблю Табе, вартавы людзей! Навошта Ты паставіў мяне супраціўцам Сабе, што аж я зрабіўся самому сабе лішні?
- 21. І чаму б не дараваць мне грэху і ня зьняць зь мяне беззаконьня майго? бо, вось, я лягу ў пыле; заўтра пашукаеш мяне, і няма мяне.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ёв > Глава 7