- 1. І адказваў Эліфаз Фэманіцянін і сказаў:
- 2. калі паспрабуем мы сказаць табе слова, - ці ня цяжка будзе табе? Урэшце, хто можа забараніць слова!
- 3. Вось, ты настаўляў многіх і кволыя рукі падтрымліваў,
- 4. таго, хто падаў, падымалі словы твае, і аслаблыя калені ты мацаваў.
- 5. А цяпер дайшло да цябе, і зьнямогся ты; дайшло да цябе, і ты падупаў духам.
- 6. Богабаязнасьць твая ці ж не павінна быць тваёю надзеяй, і беспахібнасьць шляхоў тваіх - спадзяваньнем тваім?
- 7. Згадай жа, ці гінуў хто невінаваты, і дзе праведных выкарчоўвалі б?
- 8. Як я бачыў, дык тыя, што аралі бязбожнае і сеялі ліхое, жнуць яго;
- 9. ад павеву Божага гінуць і ад духу гневу Ягонага чэзнуць.
- 10. Рык ільва і голас таго, хто рыкае, моўкне, і зубы львянят крышацца;
- 11. магутны леў гіне без здабычы, і дзеці ільвіцы расьсейваюцца.
- 12. І вось да мяне таемна данеслася слова, і вуха маё прыняло нешта ад яго.
- 13. Сярод разважаньняў пра начныя відзежы, калі сон ахінае людзей,
- 14. агарнуў мяне жах і дрыгат і скалануў усе косьці мае.
- 15. І дух прайшоў над мною; дыбарам сталі валасы на мне.
- 16. Ён стаў, - але я не пазнаў твару ягонага, - толькі аблічча было перад вачыма маімі; ціхі павеў, - і я чую голас:
- 17. ці ж чалавек справядлівейшы за Бога? і мужчына ці ж чысьцейшы за Творцу свайго?
- 18. Вось, Ён і слугам Сваім не давярае і ў анёлах Сваіх бачыць заганы:
- 19. тым болей - у тых, што жывуць у харомінах з гліны, аснова якіх пыл, якія нішчацца хутчэй за моль.
- 20. З раніцы да вечара яны распадаюцца; ня згледзіш, як яны зьнікнуць зусім.
- 21. Ці ня гінуць разам зь імі і вартасьці іхнія? Яны паміраюць, не дасягнуўшы мудрасьці.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ёв > Глава 4