- 1. І адказваў Эліфаз Тэманіцянін і сказаў:
- 2. ці будзе мудры адказваць веданьнем пустым і напаўняць чэрава сваё ветрам палючым,
- 3. апраўдвацца словамі бескарыснымі і моваю, якая ня мае ніякай сілы?
- 4. Але ты адклаў і страх і за міласьць лічыш словы да Бога.
- 5. Бязбожнасьць твая так наладзіла вусны твае, і ты выбраў мову падступных.
- 6. Цябе вінавацяць вусны твае, а ня я, і твой язык гаворыць супроць цябе.
- 7. Хіба ж ты першым чалавекам нарадзіўся і раней за пагоркі створаны?
- 8. Хіба ж раду Божую ты чуў і прыхінуў да сябе мудрасьць?
- 9. Што ведаеш ты, чаго б ня ведалі мы? што разумееш ты, чаго ня было б у нас?
- 10. І сівы і старац ёсьць сярод нас, які днямі перабольшае бацьку твайго.
- 11. Хіба маласьць табе суцяшэньні Божыя? І гэта невядома табе?
- 12. Да чаго парывае цябе сэрца тваё, і дзеля чаго так ганарыста глядзіш?
- 13. Чаго скіроўваеш супроць Бога дух твой і вуснамі тваімі прамаўляеш такія словы?
- 14. Што такое чалавек, каб быў ён чысты, і каб народжаны жанчынай быў праведны?
- 15. Вось, Ён і сьвятым Сваім не давярае, і нябёсы нячыстыя ў вачах у Яго:
- 16. тым болей нячысты і разбэшчаны чалавек, які п'е беззаконьне, як ваду.
- 17. Я буду гаварыць табе, слухай мяне; я раскажу табе, што бачыў,
- 18. што чулі мудрыя і ня ўтоілі чутага ад бацькоў сваіх,
- 19. якім адным аддадзена была зямля, і сярод якіх чужы не хадзіў.
- 20. Бязбожны мучыць сябе праз усе дні свае, і лік гадоў заслонены ад прыгнятальніка:
- 21. гук жахаў у вушах ягоных; сярод міру ідзе на яго згубнік,
- 22. Ён не спадзяецца выратавацца ад цемры: бачыць перад сабою меч.
- 23. Ён бадзяецца за кавалак хлеба ўсюды; ведае, што ўжо гатовы, у руках у яго дзень цемры.
- 24. Палохае яго нэндза і ўціск; адольвае яго, як цар, які падрыхтаваўся да бітвы,
- 25. за тое, што ён працягваў супроць Бога руку сваю і супрацівіўся ‹сеўладнаму,
- 26. памыкаўся супроць яго з ганарыстым каркам, пад тоўстымі шчытамі сваімі;
- 27. бо ён пакрыў аблічча сваё тлушчам сваім і абклаў салам сьцёгны свае.
- 28. І ён селіцца ў гарадах спустошаных, у дамах, у якіх ня жывуць, якія асуджаны на руйнаваньне.
- 29. Не задоўжыцца ён у багацьці і не ацалее маёмасьць ягоная, і не распаўсюдзіцца па зямлі набытак ягоны.
- 30. Не ўцячэ ад цемры; парасткі ягоныя ссушыць полымя і павевам вуснаў сваіх пацягне яго.
- 31. Хай не давярае марнасьці аблудны, бо марнасьць будзе і платай яму.
- 32. Ня ў свой дзень ён сканае, і гольле ягонае ня будзе зелянець.
- 33. Скіне ён, як вінаградная лаза, недасьпелую ягаду сваю і, як масьліна, атрасе цьвет свой.
- 34. Так апусьцее дом бязбожнага, і агонь зжарэ намёты ліхаемства.
- 35. Ён зачаў ліхое і нарадзіў няпраўду, і нутроба ягоная рыхтуе падман.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ёв > Глава 15