- 1. Абрыдла душы маёй жыцьцё маё: аддамся журбоце маёй; гаварыцьму ў гароце душы маёй.
- 2. Скажу Богу: не вінаваці мяне; абвясьці мне, за што Ты са мною змагаешся?
- 3. Ці добра Табе, што Ты прыгнятаеш, што пагарджаеш дзеяй рук Тваіх, а на раду бязбожных пасылаеш сьвятло?
- 4. Хіба ў Цябе цялесныя вочы, і Ты глядзіш, як глядзіць чалавек?
- 5. Хіба дні Твае, як дні ў чалавека, альбо леты Твае, як дні ў мужчыны,
- 6. што Ты шукаеш заганы ўва мне і дапытваешся грэху ўва мне,
- 7. хоць ведаеш, што я не беззаконьнік, і што няма каму выбавіць мяне ад рукі Тваёй?
- 8. Твае рукі працавалі над мною і ўтварылі ўсяго мяне цалкам, - і Ты губіш мяне?
- 9. Успомні, што Ты, як гліну, урабіў мяне, і ў пыл ператвараеш мяне?
- 10. Ці ня Ты выліў мяне, як малако, і, як тварог, згусьціў мяне,
- 11. скураю і плоцьцю апрануў мяне, косткамі і жыламі змацаваў мяне,
- 12. жыцьцё і мілату падарыў мне, і клопат Твой ахоўваў дух мой?
- 13. Але і тое хаваў Ты ў сэрцы Сваім, - ведаю, што гэта было ў Цябе, -
- 14. што калі я зграшу, Ты заўважыш і не пакінеш грэху майго без пакараньня.
- 15. Калі я вінаваты, гора мне! калі і мая праўда, дык не адважуся падняць галавы маёй. Я сыты прыніжэньнем; паглядзі на гора маё:
- 16. яно павялічваецца. Ты гонішся за мною, як леў, і зноў нападаеш на мяне і дзівосным з'яўляешся мне.
- 17. Выводзіш новых сьведкаў Тваіх супроць мяне; узмацняеш гнеў Твой на мяне; і беды, адны за аднымі, паўстаюць супроць мяне.
- 18. І навошта Ты вывеў мяне з чэрава? хай бы я памёр, калі яшчэ нічыё вока ня бачыла мяне;
- 19. хай бы я, як нябылы, з чэрава перанесены быў у магілу!
- 20. Ці не кароткія дні мае? Пакінь, адступіся ад мяне, каб я крыху падбадзёрыўся,
- 21. перш чым адыду, - і ўжо не вярнуся, - у край цемры і ценю сьмяротнага,
- 22. у край змроку, які ёсьць змрок ценю сьмяротнага, дзе няма ладу, дзе цёмна, як сама цемра.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ёв > Глава 10