- 1. А сёньня сьмяюцца зь мяне і малодшыя за мяне гадамі, тыя, чыіх бацькоў я не згадзіўся б пасадзіць разам з сабакамі статкаў маіх.
- 2. І сіла рук іхніх навошта мне? Над імі ўжо прайшоў час.
- 3. Беднасьцю і голадам змораныя, яны ўцякаюць у стэп бязводны, змрочны і апусьцелы;
- 4. скубуць зеляніну каля кустоў, і ягады ядлоўцавыя - хлеб іхні.
- 5. З суполкі выганяюць іх, крычаць на іх, як на злодзеяў,
- 6. каб жылі яны ў калдобінах патокаў, у цясьнінах зямлі і скалаў.
- 7. Равуць паміж кустамі, ціснуцца пад цернем.
- 8. Людзі адкінутыя, людзі бязь імя, адкіды зямлі!
- 9. Я і зрабіўся цяпер іхняй і ежаю іхняй гутаркі.
- 10. Яны грэбуюць мною, аддаляюцца ад мяне і не перастаюць пляваць перад абліччам маім.
- 11. Як што Ён разьвязаў повад мой і пабіў мяне, дык яны скінулі зь сябе кілзы перад абліччам маім.
- 12. З правага боку ўстае гэты вылюдак, зьбівае мяне з ног, кіруе свае пагібельныя шляхі да мяне.
- 13. А маю сьцежку сапсавалі: усё пасьпеплі зрабіць дзеля маёй пагібелі, ня маючы памочніка.
- 14. Яны прыйшлі да мяне, як праз шырокую праломіну; з шумам кінуліся на мяне.
- 15. Жахі памкнуліся на мяне; як вецер, разьвеялася веліч мая, і шчасьце маё адляцела, як воблака.
- 16. І сёньня выліваецца душа мая; дні смутку агарнулі мяне.
- 17. Уначы ныюць ува мне косьці мае; дні смутку агарнулі мяне.
- 18. Вельмі цяжка здымаецца зь мяне вопратка мая; краі хітона ціснуць мяне.
- 19. Ён кінуў мяне ў бруд, і я зрабіўся, як пыл і попел.
- 20. Я заклікаю Цябе, і Ты ня слухаеш мяне, - стаю, а Ты толькі глядзіш на мяне.
- 21. Ты зрабіўся жорсткім да мяне, моцнаю рукою варагуеш супроць мяне.
- 22. Ты падняў мяне і прымусіў мяне насіцца па ветры і ламаеш мяне.
- 23. Так, я ведаю, што Ты прывядзеш мяне да сьмерці і ў дом збору ўсіх, што жывуць.
- 24. Правільна, Ён не працягне рукі Сваёй над домам касьцей: ці будуць яны крычаць пры сваім разбурэньні?
- 25. Ці ня плакаў я па тым, хто быў у горы; ці ня журылася душа мая па бедных?
- 26. Калі я чакаў дабра, прыйшло зло; калі я чакаў сьвятла, прыйшла цемра.
- 27. Мае вантробы кіпяць і не перастаюць; сустрэлі мяне дні смутку.
- 28. Я хаджу пачарнелы, але не ад сонца; устаю на сходзе і крычу.
- 29. Я зрабіўся братам шакалам і сябрам страўсам.
- 30. Мая скура пачарнела на мне, і косьці мае абгарэлі ад сьпёкі.
- 31. І цытра мая зрабілася панылаю, а жалейка мая - голасам сьлёзным.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ёв > Глава 30