- 1. І гаварыў далей Эліуй і сказаў:
- 2. выслухайце, мудрыя, слова маё, і прыхілеце да мяне вуха, разважлівыя!
- 3. Бо вуха разьбірае словы, як гартань адрозьнівае смак у ежы.
- 4. Пастановім паміж сабою развагу і распазнаем, што добра.
- 5. Вось, Ёў сказаў: "праўда мая, але Бог пазбавіў мяне суду.
- 6. Ці павінен я маніць на праўду маю? Мая рана нявылечная бязь віны".
- 7. Ці ёсьць такі чалавек, як Ёў, які п'е глум, як ваду,
- 8. уступае ў супольнасьць з тымі, якія чыняць беззаконьне, і ходзіць зь людзьмі бязбожнымі?
- 9. Бо ён сказаў: няма карысьці чалавеку ў добрым дагодніцтве Богу.
- 10. Дык вось паслухайце мяне, мужы мудрыя. Ня можа быць у Бога няпраўды, альбо ва ‹сеўладнага неправасуддзя,
- 11. бо Ён паводле ўчынкаў чалавека робіць зь ім і паводле шляхоў мужа адплачвае яму.
- 12. Праўда, Бог ня робіць няпраўды, і ‹сеўладны не перакручвае суд.
- 13. Хто апрача Яго думае пра зямлю? І хто кіруе ўсім сусьветам?
- 14. Калі б Ён павярнуў сэрца Сваё да Сябе і ўзяў да Сябе дух яе і дыханьне яе, -
- 15. раптам загінула б усякая плоць, і чалавек вярнуўся б у пыл.
- 16. Дык вось, калі ты маеш розум, дык слухай гэта і ўважай словам маім.
- 17. Той, хто ненавідзіць праўду, ці можа валадарыць? І ці можаш ты зьвінаваціць Найсправядлівейшага?
- 18. Ці можна сказаць цару: ты - бязбожнік, і князям: вы - беззаконьнікі?
- 19. Але ён не зважае на асобы князёў і не выдзяляе багатага ад беднага, бо ўсе яны дзея рук Ягоных.
- 20. Нечакана яны паміраюць; сярод ночы народ узбурыцца, і яны зьнікаюць; і моцных выганяюць ня сілаю.
- 21. Бо вочы Ягоныя над шляхамі чалавека, і Ён бачыць увесь поступ яго.
- 22. Няма цемры, ні ценю сьмяротнага, дзе маглі б схавацца беззаконьнікі.
- 23. Таму Ён ужо не патрабуе ад чалавека, каб ішоў на суд з Богам.
- 24. Ён ламае дужых не разьбіраючы, і пастаўляе іншых на іх месцы,
- 25. бо ён робіць вядомымі дзеі іхнія і скідае іх уначы, і яны зьнішчаюцца.
- 26. Ён пабівае іх, як беззаконных людзей, на вачах у іншых,
- 27. за тое, што яны адвярнуліся ад Яго і не зразумелі ўсіх шляхоў Ягоных,
- 28. так што дайшоў да Яго лямант бедных, і Ён пачуў стогны прыгнечаных.
- 29. Ці даруе ён цішыню, хто можа парушыць? ці хавае Ён аблічча Сваё, хто можа ўбачыць Яго? Ці будзе гэта для народу, альбо для аднаго чалавека,
- 30. каб не цараваў крывадушнік на спакусу народу.
- 31. Богу трэба гаварыць: "я пацярпеў, больш ня буду грашыць.
- 32. А чаго я ня ведаю, Ты навучыш мяне; і калі я ўчыніў беззаконьне, больш ня буду".
- 33. Ці паводле тваёй развагі Ён павінен даваць? І што ты адкідаеш, тое табе належыць выбіраць, а ня мне; кажы, што ведаеш.
- 34. Людзі разумныя скажуць мне, і муж мудры, які слухае мяне:
- 35. Ёў неразумна гаворыць, і словы ягоныя бяз сэнсу.
- 36. Я хацеў бы, каб Ёў быў выпрабаваны, паводле адказаў ягоных, уласьцівых людзям бязбожным.
- 37. Інакш ён да грэху свайго дадасьць адступленьне, будзе пляскаць у ладкі сярод нас і яшчэ болей нагаворыць супроць Бога.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ёв > Глава 34