- 1. І адказваў Ёў і сказаў:
- 2. праўда! ведаю, што так; але як апраўдаецца чалавек прад Богам?
- 3. Калі захоча ўступіць у спрэчку зь Ім, дык не адкажа Яму ні на адно з тысячы.
- 4. Мудры сэрцам і магутны сілаю; хто паўставаў супроць Яго і заставаўся ў спакоі?
- 5. Ён перасоўвае горы, і не пазнаюць іх: Ён ператварае іх у гневе Сваім;
- 6. зрушвае зямлю зь месца яе, і слупы яе дрыжаць:
- 7. скажа сонцу, - і ня ўзыдзе, і на зоркі накладвае пячатку.
- 8. Ён адзін распасьцірае нябёсы і ходзіць па вышынях мора;
- 9. стварыў Ас, Кесіль, і Хіма і тайнікі поўдня;
- 10. робіць вялікае, непаддасьледнае і цудоўнае бясконца!
- 11. Вось, Ён пройдзе перад мною, і ня ўбачу Яго; праімчыцца, і не заўважу Яго.
- 12. Возьме, і хто забароніць Яму? хто скажа Яму: што Ты робіш?
- 13. Бог не адверне гневу Свайго; прад Ім упадуць паборцы гардунства.
- 14. Тым больш ці магу я адказваць Яму і шукаць сабе словаў прад Ім?
- 15. Хоць бы я і ў праўдзе быў, але ня буду адказваць, а буду ўмольваць Судзьдзю майго.
- 16. Калі б я паклікаў і Ён адказаў мне, - я не паверыў бы, што голас мой пачуў Той,
- 17. Хто ў віхуры пабівае мяне і памнажае бязьвінна раны мае,
- 18. не дае мне перавесьці дух, а перапаўняе мяне гаротамі.
- 19. Калі дзеяць сілаю, дык Ён магутны; калі судом, хто зьвядзе мяне зь Ім?
- 20. Калі я буду апраўдвацца, дык мае ж вусны зьвінавацяць мяне; калі я невінаваты, дык Ён прызнае мяне вінаватым.
- 21. Невінаваты я; не хачу ведаць душы маёй, пагарджаю жыцьцём маім.
- 22. Усё адно; таму я сказаў, што Ён губіць і беззаганнага і вінаватага.
- 23. Калі гэтага пабівае Ён бічом раптам, дык з пыткі нявінных сьмяецца.
- 24. Зямля аддадзена ў рукі бязбожных; твары судзьдзяў яе Ён засланяе. Калі не Ён, тады хто ж?
- 25. Дні мае хутчэйшыя за ганца, - бягуць, ня бачаць дабра,
- 26. імчацца, як лёгкія лодкі, як арол імкне на здабычу.
- 27. Калі сказаць мне: "забуду я скаргі мае, адкладу змрочны выгляд свой і падбадзёруся",
- 28. дык трымчу ад усіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не абвесьціш мяне невінаватым.
- 29. Калі ж я вінаваты, дык навошта марна пакутую?
- 30. Хоць бы я абмыўся і сьнежнаю вадою і цалкам ачысьціў рукі мае,
- 31. дык і тады Ты апусьціш мяне ў бруд, і пагардзіць мною вопратка мая.
- 32. Бо Ён не чалавек, як я, каб я мог адказваць Яму і ісьці разам зь Ім на суд!
- 33. Няма паміж імі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух нас.
- 34. Хай адхіліць Ён ад мяне жазло Сваё і страх Ягоны хай не жахае мяне, -
- 35. і тады я буду гаварыць і не збаюся Яго, бо я не такі самы ў сабе.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ёв > Глава 9