- 1. І адказваў Ёў і сказаў:
- 2. выслухайце ўважліва слова маё, і гэта будзе мне суцяшэньнем ад вас.
- 3. Патрывайце мяне, і я буду гаварыць; а пасьля таго, як пагавару, насьміхайцеся.
- 4. Хіба да чалавека слова маё? як жа мне і не маладушнічаць?
- 5. Паглядзеце на мяне і жахнецеся, і пакладзеце палец на вусны.
- 6. Як толькі я згадаю, - уздрыгваю, і трымценьне абдымае цела маё.
- 7. Чаму беззаконныя жывуць, дасягаюць старасьці, ды і сілаю моцныя?
- 8. Дзеці іхнія зь імі перад абліччам ў іх, і ўнукі іхнія перад вачыма ў іх.
- 9. Дамы іхнія ўбясьпечаны ад страху, і няма жазла Божага на іх.
- 10. Бык іхні апладняе і ня выкідае, карова іхняя зачынае, і ня скідае.
- 11. Як статак, выпускаюць яны малечу сваю, і дзеці іхнія скачуць.
- 12. Усклікаюць пад тымпан і цытру і весяляцца пад жалейку;
- 13. бавяць дні свае ў шчасьці і імгненна сыходзяць у апраметную.
- 14. А тым часам яны кажуць Богу: адыдзі ад нас, ня хочам мы ведаць шляхоў Тваіх!
- 15. што нам Усеўладны, каб слугаваць Яму? і якая карысьць хінуцца да Яго?
- 16. Бачыш, шчасьце іхняе не ад іхніх рук. - Парада бязбожных, будзь далёкая ад мяне!
- 17. Ці часта тухне сьвяцільня ў беззаконных, і нападае на іх бяда, і Ён дае ім на долю пакуты ў гневе Сваім?
- 18. Яны павінны быць, як саломінка перад ветрам, і як мякіна, якую нясе віхура.
- 19. Скажаш: Бог ашчаджае дзецям ягоным няшчасьце ягонае. - Хай аддасьць ён яму самому, каб ён гэта ведаў.
- 20. Хай яго вочы ўбачаць няшчасьце ягонае, і хай ён сам п'е ад гневу ‹сеўладнага.
- 21. Бо які яму клопат да дому свайго пасьля яго, калі лік месяцаў ягоных скончыцца?
- 22. Але ці Бога вучыць мудрасьці, калі Ён судзіць і вышніх?
- 23. Адзін памірае ў самай поўніцы сілы сваёй, цалкам спакойны і мірны;
- 24. нутроба ягоная поўная тлушчу, і косткі ягоныя напоены мозакам.
- 25. А другі памірае з душою засмучанаю, не зазнаўшы дабра.
- 26. І яны разам будуць ляжаць у пыле, і чэрві пакрыюць іх.
- 27. Ведаю я вашыя думкі і ўлоўкі, якія вы супраць мяне плецяце.
- 28. Вы скажаце: дзе дом князя, і дзе намёт, у якім жылі беззаконныя?
- 29. Хіба вы ня пыталіся ў вандроўнікаў і не знаёмыя зь іхнімі назіраньнямі,
- 30. што ў дзень пагібелі літаваны бывае злодзей, у дзень гневу адводзіцца ўбок?
- 31. Хто паставіць яму перад аблічча ягонае шлях ягоны, і хто аддасьць яму за тое, што ён учыняў?
- 32. Яго праводзяць да магілы і на яго магіле ставяць варту.
- 33. Салодкія яму камлыгі даліны, і за ім ідзе натоўп людзей, а тым, што ідуць перад ім, ліку няма.
- 34. Як жа вы хочаце суцяшаць мяне пустым? У вашых адказах застаецца толькі мана.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Ёв > Глава 21