Глава 89

  • 1. Малітва Майсея, чалавека Божага.
  • 2. Госпадзе! Ты нам прыстанішча з роду ў род.
  • 3. Перш чым нарадзіліся горы, і Ты стварыў зямлю і сусьвет, і ад веку да веку Ты - Бог.
  • 4. Ты вяртаеш чалавека ў тло, і кажаш: вярнецеся, сыны чалавечыя!
  • 5. Бо прад вачыма Тваімі тысяча гадоў, як дзень учарашні, калі ён прыйшоў, як варта начная.
  • 6. Ты быццам паводкаю зносіш іх; яны - як сон, як трава, што раніцаю вырастае, раніцаю цьвіце і зелянее, увечары вяне і сохне;
  • 7. бо мы зьнікаем ад гневу Твайго, і ад лютасьці Тваёй мы разгубленыя.
  • 8. Ты паклаў прад Сабою правіны нашыя і нашы тайноты ў сьвятло аблічча Твайго.
  • 9. Усе дні нашыя прайшлі ў гневе Тваім; мы трацім гады нашыя, нібы гук.
  • 10. Дзён гадоў нашых - семдзесят гадоў; а пры большай моцы восемдзесят гадоў; а самая лепшая іх пара - праца і хвароба, бо праходзяць хутка, і мы ляцім.
  • 11. Хто ведае сілу гневу Твайго, і лютасьць Тваю па меры страху Твайго?
  • 12. Навучы нас так лічыць нашыя дні, каб нам мудрае сэрца набыць.
  • 13. Павярніся, Госпадзе! Дакуль? Умілажалься з рабоў Тваіх,
  • 14. раніцай насыці нас міласэрнасьцю Тваёю, і мы будзем радавацца і весяліцца ўсе дні нашыя.
  • 15. Разьвесялі нас за дні, калі Ты пабіваў нас, за леты, калі мы бачылі нягоды.
  • 16. Хай выявіцца на рабах Тваіх дзея Твая, і на сынах іхніх - слава Твая;
  • 17. і хай будзе добрая воля Госпада Бога нашага на нас, і ў дзеях рук нашых пасабляй нам, у дзеях рук нашых пасабляй.