- 1. Вучэньне Этана Эзрахіта.
- 2. Пра ласкі Твае, Госпадзе, буду сьпяваць вечна, з роду ў род абвяшчаць праўду Тваю вуснамі маімі,
- 3. бо кажу: будзе навек пакладзена ласка, на нябёсах уцьвердзіў Ты праўду Тваю, калі сказаў:
- 4. "Я склаў запавет з выбранцам Маім, прысягаўся Давіду, рабу Майму:
- 5. навечна ўгрунтую семя тваё, і твой род уладжу навечна".
- 6. І праславяць нябёсы дзівосныя дзеі Твае, Госпадзе, і праўду Тваю ў саборы сьвятых,
- 7. бо хто на нябёсах дараўнаецца з Богам? хто паміж сынамі Божымі спадобніцца Госпаду?
- 8. Грозны Бог у вялікім гурце сьвятых, грозны Ён усім, хто Яго атачае.
- 9. Госпадзе, Божа сіл! хто моцны, як Ты, Госпадзе? І праўда Твая навокал Цябе.
- 10. Ты валадарыш над лютасьцю мора; калі ўздымаюцца хвалі яго, Ты іх таймуеш.
- 11. Ты скінуў Раава, як пабітага; моцнаю мышцай Тваёю расьсеяў ворагаў Тваіх.
- 12. Твае - нябёсы і Твая - зямля; сусьвет, і што напаўняе яго, Ты заснаваў.
- 13. Поўнач і поўдзень Ты стварыў; Фавор і Ярмон зь імя Твайго радуюцца.
- 14. Моцная мышца Твая, дужая рука, высокая правіца Твая!
- 15. Правасудзьдзе й істасьць - аснова трона Твайго; любасьць і праўда прад абліччам Тваім ходзяць.
- 16. Дабрашчасны народ, які ведае трубны кліч! Яны ходзяць у сьвятле аблічча Твайго, Госпадзе;
- 17. а зь імя Твайго радуюцца кожны дзень, і праўдаю Тваёю хваляцца,
- 18. бо Ты акраса сілы іхняе, і добраю воляй Тваёю ўзвышаецца рог наш.
- 19. Ад Госпада - шчыт наш, і ад Сьвятога Ізраілевага цар наш.
- 20. Калісьці казаў Ты ва ўяве сьвятому Твайму і сказаў: "Я дапамог мужнаму, узьнёс абранца з народу.
- 21. Я здабыў Давіда, раба Майго, сьвятым алеем Маім памазаў яго.
- 22. Рука Мая будзе зь ім, і мышца Мая ўмацуе яго.
- 23. Вораг не пераможа яго, і сын беззаконьня ня ўцісьне яго.
- 24. Скрышу перад ім ворагаў ягоных, і паб'ю ненавісьнікаў ягоных,
- 25. і праўда Мая і ласка Мая зь ім, і Маім імем узвысіцца рог ягоны,
- 26. і пакладу на мора руку ягоную, і на рэкі - правіцу ягоную
- 27. Ён будзе клікаць мяне: Ты Бацька мой, Бог мой і цьвярдыня ратунку майго..
- 28. І Я зраблю яго першынцам, вышэйшым за цароў зямных,
- 29. навек захаваю яму ласку Маю, і запавет Мой зь ім будзе правільны.
- 30. І прадоўжу навечна семя ягонае, і ягоны трон - як дні неба.
- 31. Калі сыны ягоныя пакінуць закон Мой, і ня будуць хадзіць паводле наказаў Маіх;
- 32. калі парушаць пастановы Мае, і загадаў Маіх не захаваюць:
- 33. наведаю жазлом беззаконьне іхняе, і ўдарамі - няпраўду іхнюю;
- 34. а ласкі Маёй не пазбаўлю яго, і не зьмяню ісьціны Маёй.
- 35. Не парушу запавету Майго, і не памяняю таго, што выйшла з вуснаў Маіх,
- 36. Аднойчы прысягнуў сьвятасьцю Маёю: а ці зманю Давіду?
- 37. Семя ягонае будзе вечна, і трон ягоны, як сонца, прада Мною;
- 38. вечна будзе цьвёрды, як месяц, і сьведка праўдзівы на нябёсах".
- 39. Але Ты адкінуў і пагардзіў, угневаўся на памазанца Твайго;
- 40. занядбаў запавет з рабом Тваім, кінуў на зямлю вянок ягоны;
- 41. разбурыў усе агароджы ягоныя, абярнуў у руіны крэпасьці ягоныя.
- 42. Рабуюць яго ўсе, хто праходзіць дарогаю; пасьмешышчам стаўся ён суседзям сваім.
- 43. Ты ўзвысіў правіцу супраціўцаў ягоных, парадаваў усіх ворагаў ягоных.
- 44. Ты павярнуў назад лязо меча ягонага, і не ўмацаваў яго ў бітве;
- 45. адабраў у яго бляск, і трон ягоны скінуў долу;
- 46. скараціў дні маладосьці ягонай, і пакрыў яго сорамам".
- 47. Дакуль, Госпадзе, будзеш хавацца няспынна, будзе палаць лютасьць Твая, як вагонь?
- 48. Прыгадай, які век мой: на якую марноту стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых?
- 49. Хто зь людзей жыў - і ня бачыў сьмерці, выбавіў душу сваю ад рукі апраметнай?
- 50. Дзе ранейшыя міласьці Твае, Госпадзе? Ты прысягаў Давіду ісьцінай Тваёю.
- 51. Прыгадай, Госпадзе, паганьбеньне рабоў Тваіх, якое нашу я ў нетрах маіх ад усіх моцных народаў,
- 52. як бэсьцяць ворагі Твае, Госпадзе, як няславяць сьляды памазанца Твайго.
- 53. Дабраславёны Гасподзь навечна! Амін, амін!
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 88