Глава 90

  • 1. Пахвальная песьня Давідава. Хто жыве пад аслонаю Ўсявышняга, той пакоіцца ў засені Ўсемагутнага,
  • 2. кажа Госпаду: прыстанішча мне і Заступніку мой, Божа мой, на Цябе спадзяюся!
  • 3. Ён цябе вызваліць зь сетак лаўца, ад пагібельнай пошасьці;
  • 4. пер'ем Сваім Ён цябе ўзасьціць, і пад крыльлем ягоным убясьпечышся; шчыт і аслона - ісьціна Ягоная.
  • 5. Не збаішся страху начнога, ні стралы, што ўдзень пралятае,
  • 6. ні пошасьці, што ў цемры ходзіць, ані пошасьці, што нішчыць апоўдні.
  • 7. Упадзе тысяча побач з табою, і дзесяць тысяч праваруч ад цябе; але да цябе не наблізіцца:
  • 8. толькі глядзецьмеш вачыма тваімі і ўбачыш помсту бязбожнікам.
  • 9. Бо сказаў Ты: Гасподзь - надзея мая; Усявышняга выбраў ты прыстанішчам тваім;
  • 10. ліха цябе не спаткае, і пошасьць жытла твайго не зачэпіць;
  • 11. бо анёлам Сваім наказвае пра цябе - ахоўваць цябе на ўсіх дарогах тваіх,
  • 12. і на руках цябе панясуць, каб не спатыкнуўся ты аб камень нагою тваёю;
  • 13. на асьпіда і васіліска наступіш і патопчаш ільва і дракона.
  • 14. "За тое, што ён палюбіў Мяне, уратую яго; абараню яго, бо ён спазнаў імя Маё.
  • 15. Пакліча Мяне і пачую яго: зь ім Я ў жалобе, вызвалю яго, і праслаўлю яго;
  • 16. даўжынёю дзён напоўню яго, і пакажу яму выратаваньне Маё".