- 1. Песьня. Псальма. Сыноў Карэевых. Кіроўцу хору на Махалат, для сьпяваньня. Вучэньне Этана Эзрахіта.
- 2. Госпадзе, Божа ратунку майго! удзень лямантую і ўначы прад Табою.
- 3. Хай дойдзе малітва мая прад аблічча Тваё; нахілі вуха Тваё да маленьня майго.
- 4. Бо душа мая насыцілася немарасьцямі, і жыцьцё маё наблізілася да апраметнай.
- 5. Я дараўнаўся да тых, што ў магілу сыходзяць; я стаў, як чалавек бязь сілы,
- 6. паміж мёртвымі кінуты, - як забітыя, што ляжаць у магіле, пра якіх Ты больш не ўспамінаеш і якія ад рукі Тваёй адкінутыя.
- 7. Ты паклаў мяне ў дол апраметны, у морак, у бездань.
- 8. Легла на мяне лютасьць Твая, і ўсімі хвалямі Тваімі Ты пабіў мяне.
- 9. Ты адвёў ад мяне знаёмых маіх, зрабіў мяне агідным для іх; я ўвязьнены і не магу выйсьці.
- 10. Вока маё ад гароты стамілася; цэлы дзень я клікаў Цябе, Госпадзе; працягваў рукі свае да Цябе.
- 11. Хіба над мёртвымі ўчыніш Ты цуд? Хіба мёртвыя ўстануць і будуць славіць Цябе?
- 12. Альбо ў магіле будзе абвяшчацца ласка Твая, і праўда Твая - у месцы тленьня?
- 13. Хіба ж у мораку спазнаюцца дзівосы Твае, і ў зямлі забыцьця - праўда Твая?
- 14. але я Цябе, Госпадзе, клічу, і рана раніцай малітва мая сустракае Цябе.
- 15. Навошта, Госпадзе, адкідаеш душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне?
- 16. Я няшчасны і парахнею зь дзяцінства; нясу жахі Твае, і зьнемагаю.
- 17. Над мною прайшла лютасьць Твая; страхоцьці Твае зламалі мяне,
- 18. кожны дзень абступаюць мяне, як вада: аблягаюць мяне ўсе разам.
- 19. Ты аддаліў ад мяне сябра і блізкага; знаёмых маіх ня відаць.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 87