- 1. Псальма Давідава. Ня гневайся на злачынцаў, не зайздросьці несправядлівым,
- 2. бо яны, як трава, неўзабаве скошаны будуць, і як былінка зялёная, завянуць.
- 3. Спадзявайся на Госпада і рабі дабро; жыві на зямлі і праўды трымайся.
- 4. Суцяшайся Госпадам, і Ён спраўдзіць жаданьні сэрца твайго.
- 5. Госпаду перадай дарогу тваю, і на яго спадзявайся, і Ён зробіць,
- 6. і выведзе, як сьвятло, праўду тваю, і справядлівасьць тваю, як полудзень.
- 7. Скарыся Госпаду і на Яго спадзявайся. Не зайздросьці таму, каму шчасьціць у дарозе ягонай, чалавеку хітрамыснаму.
- 8. Перастань гневацца і пакінь запальчывасьць; ня імкніся рабіць благое,
- 9. бо хто робіць благое, будзе зьнішчаны, а хто спадзяецца на Госпада, зямлю ўспадкуе.
- 10. Яшчэ трохі, і злачынца ня стане; паглядзіш на месца ягонае, і няма яго.
- 11. А пакорныя зямлю ўспадкуюць, і ўраскошуюцца спакоем вялікім.
- 12. Бязбожны зло намышляе супроць праведніка і скрыгоча на яго зубамі сваімі;
- 13. а Гасподзь пасьміхаецца зь яго; бо бачыць, што прыходзіць дзень ягоны.
- 14. Бязбожныя вымаюць меч і напінаюць лук свой, каб паваліць беднага і ўбогага, каб зваліць тых, у каго дарога простая:
- 15. меч іхні ўвойдзе ў іхняе сэрца, і лукі іхнія паламаюцца.
- 16. Лепш - малое ў праведніка, чым багацьце - у многіх бязбожнікаў,
- 17. бо зламаюцца плечы ў бязбожных, а праведных сіліць Гасподзь!
- 18. Гасподзь ведае дні беззаганных і дастатак іхні застаецца навечна.
- 19. Ня будуць яны пасаромлены ў люты час, і ў дні голаду сытыя будуць;
- 20. а бязбожныя загінуць, і ворагі Гасподнія, як авечы лой, зьнікнуць, у дыме зьнікнуць.
- 21. Пазычае бязбожны - і не аддае, а праведны ўмілажальваецца і дае,
- 22. бо ўміласлаўленыя Ім - зямлю ўспадкуюць, а праклятыя Ім - будуць вынішчаны.
- 23. Ад Госпада крокі чалавека пабожнага ставяцца моцна, і Ён дабраволіць дарозе ягонай:
- 24. калі ён будзе падаць, не ўпадзе, бо Гасподзь падтрымлівае яго за руку.
- 25. Я быў малады і састарыўся, а ня бачыў праведніка пакінутага, і нашчадкаў яго, каб хлеба прасілі:
- 26. ён кожны дзень шкадуе і пазычае, і нашчадкам ягоным - дабраславеньне будзе.
- 27. Ухіляйся ад благога, і рабі дабро, і жыць будзеш вечна:
- 28. бо і Гасподзь любіць праўду, і не пакідае богабаязных Сваіх; навек ацалёныя будуць яны; а насеньне бязбожных вынішчыцца.
- 29. Праведныя ўспадкуюць зямлю, і будуць жыць на ёй вечна.
- 30. Вусны праведніка мудрасьць маўляюць, і язык ягоны вымаўляе праўду.
- 31. Закон Божы ў сэрцы ў яго; не пахіснуцца ногі ягоныя.
- 32. Бязбожны падглядвае праведніка і спрабуе забіць яго;
- 33. але Гасподзь не аддасьць яго ў рукі ягоныя, і ня дасьць зьвінаваціць яго, калі яго будуць судзіць.
- 34. Спадзявайся на Госпада, і трымайся дарогі Ягонай: і Ён падыме цябе, каб ты зямлю ўспадкаваў; і калі будуць зьнішчаць бязбожных, ты ўбачыш.
- 35. Бачыў я бязбожніка грознага, які разгаліноўваўся, нібы самарослае расахатае дрэва;
- 36. але ён прайшоў, і вось, няма яго; шукаю яго і не знаходжу.
- 37. Назірай за беспахібным і дзівіся на праведнага; бо чалавеку міралюбнаму - будучыня;
- 38. а беззаконьнікі ўсе вынішчацца; будучыня беззаконьнікаў зьнікне.
- 39. Ад Госпада выратаваньне праведнікам, Ён - абарона ім у часіны жальбы:
- 40. і дапаможа ім Гасподзь і вызваліць іх; выбавіць іх ад бязбожных і ўратуе іх, бо яны на Яго надзею кладуць.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 36