- 1. Кіроўцу хору. На золку. Псальма Давідава.
- 2. Божа мой! Божа мой! нашто Ты пакінуў мяне? Далёкія словы крыку майго ад ратунку майго.
- 3. Божа мой! я клічу ўдзень - і Ты не аказваешся, уначы - і няма мне супакаеньня.
- 4. Але Ты, Сьвяты, жывеш сярод пахвалаў Ізраіля.
- 5. На Цябе спадзяваліся нашы бацькі; спадзяваліся, і Ты вызваляў іх,
- 6. да Цябе заклікалі яны, і былі ратаваныя; на Цябе спадзяваліся, і ня былі пасаромленыя.
- 7. А я чарвяк, а не чалавек, зьнявага ў людзей і пагарда ў народзе.
- 8. Усе, хто бачыць мяне, клянуць мяне; кажуць вуснамі, галавою ківаюць:
- 9. "ён спадзяваўся на Госпада; хай вызваліць яго, хай уратуе, калі ён даспадобы Яму".
- 10. Але Ты вывеў мяне з улоньня матчынага; уклаў у мяне надзею каля грудзей маці маёй.
- 11. Табе я даручаны ад нараджэньня; ад улоньня маці маёй Ты - мой Бог.
- 12. Не адыходзь ад мяне, бо блізіцца скруха, а памочніка няма.
- 13. Многа цялят абступілі мяне, тлустыя Васанскія акружылі мяне;
- 14. разьзявілі пашчу сваю на мяне, як леў, які прагне здабычы і рыкае.
- 15. Я разьліўся, нібы вада; усе косткі мае рассыпаліся; сэрца маё, быццам воск, зрабілася, растала ў нутрыне маёй.
- 16. Моц мая высахла, як чарапок; язык мой прыліп да гартані маёй, і Ты зьвёў мяне ў пыл сьмяротны.
- 17. Бо сабакі мяне атачылі, хэўра злыдняў мяне абступіла, прабілі рукі мае і ногі мае;
- 18. можна было палічыць усе косткі мае, а яны дзівяцца, робяць зь мяне відовішча,
- 19. дзеляць рызы мае між сабою; і за адзежу маю кідаюць жэрабя.
- 20. Але Ты, Госпадзе, не адыходзь ад мяне; сіла мая! пасьпяшайся мне на дапамогу;
- 21. душу маю аслані ад меча і ад сабак самотную маю;
- 22. уратуй мяне ад ільвінае пашчы і ад рагоў аднарогаў, пачуўшы, выратуй мяне.
- 23. Буду абвяшчаць імя Тваё братам маім, славіць буду Цябе на сходзе.
- 24. Вы, што баіцеся Госпада! Усхвалеце Яго. Увесь род Якаваў! праславі Яго. Хай баіцца Яго ўвесь род Ізраілеў!
- 25. Бо Ён не пагрэбаваў скрухаю спрагненага і не адцураўся яе, і ня ўхіліў ад яго аблічча Свайго, а пачуў яго, калі той паклікаў Яго.
- 26. Табе хвала мая на сходзе вялікім; спраўджу свае абяцаньні перад тымі, хто баіцца Яго.
- 27. Хай ядуць бедныя і насычаюцца; хай уславяць Госпада тыя, што шукаюць Яго; хай жывуць сэрцы вашыя векапомна!
- 28. Схамянуцца і да Госпада вернуцца ўсе канцы зямлі, і схіляцца прад Табою ўсе плямёны язычнікаў,
- 29. бо Гасподняе ёсьць царства, і Ён - Уладар над народамі.
- 30. Будуць есьці і пакланяцца ўсе сытыя на зямлі; схіляцца прад Ім усе, што сыходзяць у тло і ня могуць захаваць жыцьця свайго.
- 31. І нашчадкі служыцьмуць Яму, і будуць звацца Гасподнімі вечна,
- 32. прыйдуць і абвяшчацьмуць праўду Ягоную людзям, якія народзяцца, якіх стварыў Гасподзь.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 21