- 1. Кіроўцу хору. Псальма Давідава.
- 2. Госпадзе! сілаю Тваёю радуецца цар, і з Твайго ратаваньня цешыцца бясконца.
- 3. Ты даў яму, чаго хацела сэрца ягонае, і просьбы вуснаў ягоных не адкінуў.
- 4. Бо сустрэў Ты яго дабраславеньнямі даброці, на галаву яму ўсклаў вянок з чыстага золата.
- 5. Ён прасіў у Цябе жыцьця; Ты даў яму даўгалецьце на векі вечныя.
- 6. Вялікая слава ягоная ў ратаваньні Тваім; Ты ўсклаў на яго гонар і веліч.
- 7. Ты ўсклаў на яго дабраславеньне навечна, разьвесяліў яго радасьцю аблічча Твайго,
- 8. бо цар спадзяецца на Госпада, і з даброці Ўсявышняга не пахісьнецца.
- 9. Рука Твая знойдзе ўсіх ворагаў Тваіх, правіца Твая знойдзе Тваіх ненавісьнікаў.
- 10. У час гневу Твайго Ты зробіш іх, як печ вогненную;у гневе Сваім Гасподзь іх пагубіць, і паглыне іх вагонь.
- 11. Ты вынішчыш плод іхні - спасярод сыноў чалавечых,
- 12. бо яны ўчынілі зло супроць Цябе, змовы склалі, але ня здолелі нічога,
- 13. Ты іх паставіш пад стрэлы, з лукаў Тваіх пацэліш у твар ім.
- 14. Узьнясіся, Госпадзе, у сіле Тваёй: мы будзем апяваць і славіць Тваю магутнасьць.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 20