- 1. Кіроўцу хору. Псальма Давідава.
- 2. Цьвёрда я спадзяваўся на Госпада, і Ён да мяне прыхіліўся і крык мой пачуў;
- 3. падняў мяне са згубнага рова, з балоцістай багны, і паставіў на камені ногі мае, і ўмацаваў ступакі мае;
- 4. і даў новую песьню ў вусны мае - хвалу Богу нашаму. Убачаць многія і збаяцца, і будуць на Госпада спадзявацца.
- 5. Дабрашчасны той чалавек, які на Госпада надзею сваю кладзе і не зьвяртаецца да ганарыстых і да тых, што да няпраўды горнуцца.
- 6. Многа зрабіў Ты, Госпадзе Божа мой. Твае цуды і думкі Твае, толькі пра нас - няма Табе роўных! - хацеў бы я прапаведаваць і гаварыць, але ім ліку няма.
- 7. Ахвяры і прынашэньня Ты не схацеў; Ты адкрыў мне вушы; цэласпаленьня і ахвяры за грэх Ты не спатрабаваў.
- 8. Тады я сказаў: вось, іду; у зьвітку кніжным пра мяне напісана:
- 9. я хачу спраўдзіць волю Тваю, Божа мой, і закон Твой у сэрцы ў мяне.
- 10. Я абвяшчаў праўду Тваю на зборні вялікай; я не забараняў вуснам маім: Ты, Госпадзе, ведаеш.
- 11. Праўды Тваёй не хаваў у сэрцы маім, абвяшчаў вернасьць Тваю і выратаваньне Тваё, ня ўтойваў Тваёй ласкі і праўды Тваёй перад сходам вялікім.
- 12. Не запыняй, Госпадзе, шчадротаў Тваіх ад мяне; ласка Твая і праўда Твая хай няспынна ахоўваюць мяне,
- 13. бо няшчасьці мяне абступілі безьлічныя; беззаконьні мае дасягнулі мяне, так што і бачыць не магу; іх болей, чым валос на маёй галаве; сэрца маё пакінула мяне.
- 14. Удабраволься, Госпадзе, выбавіць мяне; Госпадзе! пасьпяшайся на дапамогу мне.
- 15. Хай пасаромяцца і хай паганьбаваныя будуць усе, што шукаюць згубы душы маёй! Няхай адхіснуцца назад і абсьмяяныя будуць, хто зычыць мне ліха!
- 16. Хай скамянеюць ад ганьбы тыя, што кажуць мне: добра! добра!
- 17. Хай радуюцца і весяляцца Табою ўсе, што шукаюць Цябе, і хто любіць збавеньне Тваё, хай кажуць увесь час: "вялікі Гасподзь!".
- 18. А я гаротны і ўбогі, але Гасподзь пра Мяне дбае. Ты - дапамога мая і Ратунак мой, Божа мой! не спазьніся!
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 39