- 1. Кіроўцу хору. Раба Гасподняга Давіда, калі ён прамовіў ад Госпада словы гэтай песьні ў той дзень, як Гасподзь вызваліў яго з рук усіх ягоных ворагаў і з рукі Саўлавай. І ён сказаў:
- 2. палюблю Цябе, Госпадзе, моц мая!
- 3. Гасподзь мой прытулак і цьвярдыня мая, мой Бог - скала мая; на Яго я спадзяюся, шчыт мой, рог ратунку майго і прытулак мой.
- 4. Паклічу Госпада, годнага пакланеньня, і ад ворагаў маіх уратуюся.
- 5. Агарнулі мяне пакуты сьмяротныя, і патокі бяспраўя напалохалі мяне;
- 6. ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.
- 7. У цеснаце маёй паклікаў я Госпада, і да Госпада майго зьвярнуўся. І пачуў Ён зь сьвятых харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Ягонага.
- 8. Затрэслася і захісталася зямля; уздрыгнулі і зрушыліся асновы гор; бо ўгневаўся Бог;
- 9. падняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных вагонь пажыральны; гарачае вугольле сыпалася зь Яго.
- 10. Нахіліў Ён нябёсы і сышоў, і змрок - пад нагамі ў Яго.
- 11. І сеў на херувімаў і паляцеў, і памчаўся на крылах ветру.
- 12. І зрабіў сваёю заслонаю змрок, і ценем вакол Сябе змрок водаў, хмараў нябесных.
- 13. Ад бляску, што прад Ім, уцякалі аблокі Ягоныя, град і вугольле вогненнае.
- 14. І загрымеў у нябёсах Гасподзь, і падаў Усявышні Свой голас, град і вогненнае вугольле.
- 15. Пусьціў стрэлы Свае, і расьсеяў іх, мноства маланак, і рассыпаў іх.
- 16. І сталіся крыніцы водаў, і адчыніліся асновы сусьвету ад грознага голасу Твайго, Госпадзе, ад подыху гнеўнага духу Твайго.
- 17. Ён працягнуў з вышыні Сваю руку і ўзяў мяне, і дастаў мяне з многіх водаў,
- 18. уратаваў мяне ад ворага майго дужага і ад ненавісьнікаў маіх, якія былі дужэйшыя за мяне.
- 19. Яны паўсталі на мяне ў дзень няшчасьця майго, але Гасподзь быў мне апораю.
- 20. Ён вывеў мяне на шырокае месца і вызваліў мяне; бо ўпадабаў мяне.
- 21. Даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне;
- 22. бо я трымаўся дарог Гасподніх і ня быў бязбожны прад Богам маім;
- 23. бо ўсе наказы Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не адступаўся.
- 24. Я быў прад Ім беззаганны і асьцерагаўся, каб не зграшыць,
- 25. і даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх прад вачыма Ягонымі.
- 26. Зь літасьцівым Ты літасьцівы, з чалавекам шчырым - шчыры,
- 27. з чыстым - чысты, а з хітрым - паводле хітрыны ягонай.
- 28. Бо Ты людзей прыгнечаных цешыш, а вочы пагардлівыя прыніжаеш.
- 29. Ты запальваеш сьветач мой, Госпадзе; Бог мой прасьвятляе цемру маю.
- 30. З табою я пабіваю войска, з Богам маім узыходжу на мур.
- 31. Бог! - Беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова ў Госпада; Ён шчыт усім, хто на Яго спадзяецца.
- 32. Бо хто Бог, апрача Госпада, і хто абарона, апрача Бога нашага?
- 33. Бог апаясвае мяне сілаю і пракладае мне правільны шлях,
- 34. робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях маіх становіць мяне;
- 35. вучыць рукі мае змагацца, і мышцы мае ламаюць лук медны.
- 36. Ты даў мне шчыт ратунку Твайго, і правіца Твая падтрымлівае мяне, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.
- 37. Ты пашыраеш крок мой пада мною, і ня хістаюцца ногі мае.
- 38. Я перасьледую ворагаў маіх і даганяю іх, і не вяртаюся, пакуль ня вынішчу іх;
- 39. пабіваю іх, і ня могуць яны падняцца; пападаюць пад ногі мае,
- 40. бо Ты аперазаў мяне сілаю для вайны і кінуў пад ногі мне тых, што на мяне паўсталі;
- 41. ты павярнуў да мяне тылам ворагаў маіх; і я зьнішчаю тых, што ненавідзяць мяне:
- 42. яны лямантуюць, ды няма каму іх ратаваць; да Госпада - але Ён ня слухае іх;
- 43. я расьсейваю іх, як пыл перад абліччам ветру, як вулічны бруд тапчу іх.
- 44. Ты збавіў мяне ад бунту народу, паставіў мяне галавою іншапляменцаў; народ, якога я ня ведаў, служыць мне;
- 45. па адной чутцы пра мяне скараюцца мне; чужынцы лісьлівяцца перада мною.
- 46. Іншапляменцы бялеюць і трымцяць ва ўмацаваньнях сваіх.
- 47. Жывы Гасподзь, і дабраславёны мой абаронца! Хай будзе ўслаўлены Бог ратунку майго.
- 48. Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы,
- 49. і вызваляе мяне ад ворагаў маіх! Ты ўзьнёс мяне над тымі, хто паўстае супраць мяне, і ад чалавека жорсткага мяне выбавіў.
- 50. За гэта праслаўлю Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму;
- 51. таму, хто велічна ратуе цара і творыць міласьць памазанцу Твайму Давіду і роду Ягонаму навечна.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 17