- 1. Кіроўцу хору. Псальма Давідава.
- 2. Нябёсы прапаведуюць славу Божую, і пра дзею рук Ягоных абвяшчае цьвердзь.
- 3. Дзень дню перадае слова, і ноч ночы адмыкае веды.
- 4. Няма мовы, і няма гаворкі, дзе ня чуўся б іхні голас.
- 5. Па ўсёй зямлі праходзіць іхні гук, і па край сьвету словы іхнія. Ён паставіў у іх жытло сонцу,
- 6. і яно выходзіць, як малады са шлюбных харомаў сваіх, радуецца, быццам волат, прабегчы дарогу-прагон:
- 7. ад краю нябёсаў зыход ягоны, і шэсьце ягонае да краю іхняга, і нічога не схавана ад ягонае цяплыні.
- 8. Закон Госпада дасканалы, ён мацуе душу; адкрыцьцё Госпада слушнае, умудрае простых.
- 9. Загады Госпада справядлівыя, разьвясельваюць сэрца; наказ Госпада сьветлы, прасьвятляе вочы.
- 10. Страх Гасподні чысты, застаецца навечна. Суды Гасподнія - ісьціна, усе справядлівыя;
- 11. яны больш жаданыя за золата і нават за мноства золата чыстага, за мёд саладзейшыя і за кропелькі з сотаў;
- 12. і раб Твой вартуецца імі; у захаваньні іхнім вялікая дзяка.
- 13. Хто ўгледзіць пагрэшкі свае? Ад тайных маіх ачысьці мяне,
- 14. і ад наўмысных утрымай раба Твайго, каб не завалодалі мною. Тады я буду беззаганны і чысты ад вялікай разбэшчанасьці.
- 15. Хай будуць словы з вуснаў маіх і помыслы сэрца майго даспадобы Табе, Госпадзе, цьвярдыня мая і Збаўца мой!
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 18