- 1. Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. Псальма.
- 2. Слухайце гэта, усе народы; уважайце гэтаму ўсе, хто жыве на сьвеце,
- 3. і простыя, і знакамітыя, багаты, гэтак сама і бедны;
- 4. вусны мае вымавяць мудрасьць, а развагі сэрца майго - веданьне.
- 5. Нахілю вуха маё да прыпавесьці; адкрыю загадку маю на арфе:
- 6. "чаго мне баяцца ў дні бедства, калі абчэпіць мяне злосьць шляхоў маіх беззаконных",
- 7. якія надзею кладуць на багацьце і сваімі дастаткамі хваляцца?
- 8. Чалавек ня выкупіць брата свайго ніяк і за яго ня дасьць выкупу Богу;
- 9. бо выкуп за душы іхнія дарагі, і ня будзе таго вавек,
- 10. каб застаўся хто жыць назаўсёды і ня ўбачыў магілы.
- 11. Кожны бачыць, што і мудрыя паміраюць, як і невукі і бязглуздыя гінуць, пакідаюць маёмасьць сваю іншым.
- 12. У думках у іх, што хаты іхнія вечныя, і што харомы іхнія з роду да роду, і землі свае яны называюць сваімі імёнамі.
- 13. Ды не застанецца ў пашане чалавек, падобна жывёле, якая гіне.
- 14. Такая дарога іхняя ёсьць іхняя неразумнасьць, хоць за імі ідуць тыя, што думку іхнюю ўхваляюць.
- 15. Як авечак, у апраметную іх зьвядуць: сьмерць будзе іх пасьвіць, а раніцай праведнікі запануюць над імі; сіла іхняя вычарпаецца; магіла - жытлішча іхняе.
- 16. Але вызваліць Бог душу маю ад улады сьмяротнага краю, калі прыме мяне.
- 17. Ня бойся, калі чалавек багацее, калі слава дома ягонага множыцца:
- 18. бо, памерлы, нічога з сабою ня возьме; ня пойдзе за ім слава ягоная,
- 19. хоць пры жыцьці ён душы сваёй патураў, і ўслаўляюць цябе, калі ты сабе робіш дабро,
- 20. але ён пойдзе да роду бацькоў сваіх, якія ніколі ня ўбачаць сьвятла.
- 21. Чалавек у пашане, але неразумны, падобны да жывёлы, якая гіне.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 48