- 1. Псальма Давідава. На ўспамін пра суботу.
- 2. Госпадзе! ня выкрывай мяне ў гневе Тваім, і не карай мяне ў гневе Тваім,
- 3. бо стрэлы Твае ўпіліся ў мяне і рука Твая мяне ацяжае.
- 4. Няма цэлага месца на целе маім ад гневу Твайго; няма спакою ў костках маіх ад грахоў маіх.
- 5. бо злачынствы мае вышэй галавы, як вялікі цяжар, зьнясілілі мяне,
- 6. сьмярдзяць, гнаяцца раны мае ад безгалоўя майго.
- 7. Я сагнуты і панураны ўвесь, цэлы дзень бядуючы хаджу;
- 8. бо сьцёгны мае паліць вагонь, і няма цэлага месца ў целе маім.
- 9. Я змогся і зьнясіліўся цяжка; крычу ад пакуты сэрца майго.
- 10. Госпадзе! прад Табою ўсе жаданьні мае, і ўздыханьне маё ад Цябе не схаванае.
- 11. Сэрца маё трымціць; пакінула мяне сіла мая, і сьвятло вачэй маіх - і таго няма ў мяне.
- 12. Сябры мае і прыяцелі адступіліся ад няшчасьця майго, і блізкія мае далёка стаяць.
- 13. Цянёты паставілі тыя, хто пільнуе душу маю, і хто прагне мне ліха, пра пагібель маю гавораць, і намышляюць штодзень мне благое;
- 14. а я, як глухі, ня чую, і як нямко, што вуснаў сваіх не растуляе;
- 15. і стаў я, як чалавек, што ня чуе і ня мае ў вуснах сваіх адказу,
- 16. бо на Цябе, Госпадзе, спадзяюся я; Ты пачуеш, Госпадзе, Божа мой.
- 17. І сказаў я: няхай не падымуцца нада мною мае ворагі; калі дрыжыць нага мая, хай ня ўзносяцца яны нада мною.
- 18. Я да ўпадку гатовы, і скруха мая заўжды перада мною.
- 19. Беззаконьне сваё я ўсьведамляю; і ўбольваюся ў грэху маім.
- 20. А мае ворагі жывуць і мацуюцца, і памнажаюцца тыя, што ненавідзяць мяне, невінаватага;
- 21. і тыя, што плацяць мне злом за дабро, ваююць супроць мяне, бо я за добрым іду.
- 22. Не пакінь мяне, Госпадзе Божа мой! не адыходзь ад мяне;
- 23. пасьпяшайся на дапамогу мне, Госпадзе, Збаўца мой!
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 37