- 1. Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шошан. Вучэньне. Сыноў Карэевых. Песьня каханьня.
- 2. Маё сэрца вылілася добрым словам; я кажу: песьня мая пра Цара; язык мой - пяро хуткага пісьма.
- 3. Ты прыгажэйшы за сыноў чалавечых; мілата з Тваіх вуснаў вылілася; таму дабраславіў Цябе Бог навечна.
- 4. Аперажыся мечам па паясьніцы Тваёй, Магутны, славаю Тваёю і хараством Тваім,
- 5. і ў гэтым уборы Тваім пасьпяшайся, сядзь на калясьніцу дзеля праўды і лагоды і справядлівасьці, і правіца Твая пакажа Табе дзівосныя дзеі.
- 6. Вострыя стрэлы Твае - народы ўпадуць прад Табою, - яны - у сэрцы ворагаў Царовых.
- 7. Трон Твой, Божа, навечна; жазло праўды - жазло царства Твайго.
- 8. Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў бяспраўе, таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш, чым саўдзельцаў Тваіх.
- 9. Усё адзеньне Тваё - як сьмірна і альяс і касія; з харомаў слановай косьці Цябе зьвесяляюць.
- 10. Дочкі царскія ў Цябе сярод ганаровых; стала царыца праваруч Цябе ў Афірскім золаце.
- 11. Слухай, дачка, і глядзі, і прыхілі тваё вуха, і забудзь народ твой і дом бацькі твайго.
- 12. І запрагне Цар прыгажосьці тваёй; бо Ён Гасподзь твой, і ты пакланіся Яму.
- 13. І дачка Тырская прыйдзе з дарункамі, і будуць прасіць цябе найбагацейшыя людзі.
- 14. Уся слава Царовай дачкі ўсярэдзіне; адзежа яе шытая золатам;
- 15. ва ўзорыстай адзежы вядуць яе да Цара; за ёю вядуць да Цябе дзяўчат, сябровак яе.
- 16. Прыводзяць іх з радасьцю і пацяшэньнем, уваходзяць у харомы Царовыя.
- 17. Замест бацькоў Тваіх будуць сыны Твае; Ты паставіш іх валадарамі на ўсёй зямлі.
- 18. Зраблю імя Тваё памятным ва ўсіх пакаленьнях; таму народы будуць славіць Цябе векавечна.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 44