- 1. Псальма Асафава. Бог над багамі, Гасподзь, прамовіў, і заклікае зямлю, ад усходу сонца да захаду.
- 2. Зь Сіёна, які ёсьць карона красы, зьяўляецца Бог,
- 3. ідзе Бог наш - і не маўчыць: перад ім вагонь пажыральны, а вакол Яго моцная бура.
- 4. Ён заклікае нябёсы згары, і зямлю - народ Свой судзіць:
- 5. "зьбярэце Мне пабожных Маіх, што пры ахвяры склалі са мной запавет".
- 6. І абвесьцяць нябёсы праўду Ягоную; бо судзьдзя гэты - Бог.
- 7. Слухай, народзе Мой, буду Я прамаўляць, Ізраіле! буду Я сьведчыць супроць цябе: Я - Бог, твой Бог.
- 8. Не за ахвяры твае Я дакарацьму цябе; цэласпаленьні твае заўжды прада Мною,
- 9. не вазьму цяляці з дома твайго, ні казлоў з кашараў тваіх;
- 10. бо Мае ўсе зьвяры ў лесе, і быдла на тысячы гор,
- 11. ведаю ўсё птаства ў гарах і зьвер польны прада Мною.
- 12. Калі б Я быў галодны, дык не сказаў бы табе; бо Мой сусьвет і ўсё, што яго напаўняе.
- 13. Ці ем Я валовае мяса, і ці п'ю Я казьліную кроў?
- 14. Прынясі Богу ў ахвяру падзяку, і выконвай твае абяцаньні Ўсявышняму,
- 15. і пакліч Мяне ў дзень смутку; Я ўратую цябе, і ты ўславіш Мяне.
- 16. А грэшніку кажа Бог: чаго прапаведуеш ты ўстанаўленьні Мае і бярэш Мой запавет у вусны твае,
- 17. а сам ненавідзіш Маё настаўленьне, і словы Мае за сябе адкідаеш?
- 18. Калі бачыш ты злодзея, лагодзішся зь ім, і зь пералюбцамі стасункуешся,
- 19. вусны твае пускаеш на слова ліхое і язык твой хітрыну пляце;
- 20. сядзіш і на брата твайго намаўляеш, на сына маці тваёй паклёпы пускаеш;
- 21. ты гэта рабіў, і Я маўчаў; ты падумаў, што Я такі самы, як ты. Выкрыю цябе, і пакажу вачам тваім грахі твае.
- 22. Зразумейце гэта вы, хто забывае Бога, каб Я не забраў вас, бо ня будзе каму ратаваць.
- 23. Хто ў ахвяру падзяку прыносіць, той шануе Мяне, і хто на дарогі свае зважае, таму пакажу Я Божы ратунак!
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 49