- 1. Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давіда, калі Саўл паслаў пільнаваць дом ягоны, каб забіць яго.
- 2. Вызваль мяне ад маіх ворагаў, Божа мой! абарані мяне ад тых, што на мяне паўстаюць.
- 3. вызваль мяне ад злачынцаў; уратуй ад крыважэрных,
- 4. бо вось, яны цікуюць за душою маёю; на мяне зьбіраюцца дужыя, не за правіну маю і не за грэх мой, Госпадзе;
- 5. бязь віны маёй зьбягаюцца і зброю рыхтуюць; паўстань мне на дапамогу, і паглядзі.
- 6. Ты, Госпадзе, Божа сілы, Божа Ізраілеў, паўстань, каб наведаць усе народы, не шкадуй нікога зь бязбожных беззаконьнікаў:
- 7. увечары вяртаюцца яны, як сабакі скуголяць, і вакол горада ходзяць:
- 8. вось, яны вырыгаюць нагану сваім языком; у іхніх вуснах - мечы: "бо", думаюць, "хто чуе?".
- 9. Але Ты, Госпадзе, зь іх пасьмяешся; Ты пасароміш усе народы.
- 10. Сіла - у іх, але я да Цябе іду, бо Бог - мой заступнік.
- 11. Бог мой, Які любіць мяне, папярэдзіць мяне; Бог дасьць мне глядзець на ворагаў маіх.
- 12. Не забівай іх, каб не забыўся народ мой; разьвей іх сілаю Тваёю, і скінь іх, Госпадзе, наш абаронца.
- 13. Слова іхняга языка ёсьць грэх іхніх вуснаў; няхай пыхай сваёю яны зловяцца, за прысягу і за ману, якую яны вымаўляюць.
- 14. У гневе іх зьнішчы, зьнішчы, каб прапалі яны; і хай ведаюць, што Бог валадарыць над Якавам аж да краю зямлі.
- 15. Хай вяртаюцца ўвечары, як сабакі скуголяць, і вакол горада ходзяць;
- 16. хай бадзяюцца, ежу шукаюць, і ў нянасыці ночы праводзяць.
- 17. А я буду славіць сілу Тваю і з самае раніцы ласку Тваю абвяшчаць; бо Ты быў аслонаю мне і сховам у дзень майго бедства.
- 18. Сіла мая! Цябе буду я апяваць; бо Бог - мой заступнік, Бог мой, Які любіць мяне.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 58