- 1. Кіроўцу хору. На шошаніме. Псальма Давідава.
- 2. Ратуй мяне, Божа; бо воды дайшлі да душы маёй.
- 3. Я заграз у глыбокай багне, і няма на чым стаць; увайшоў у глыбіні водаў, і хуткая плынь іх панесла мяне.
- 4. Я зьнямог ад крыку; засьмягла горла маё; стаміліся вочы мае, выглядаючы Бога майго.
- 5. Тых, што ненавідзяць мяне бязь віны, болей, чым валос на маёй галаве: ворагі мае, што бязьвінна мяне перасьледуюць, набраліся сілы; чаго я не адбіраў, тое мушу аддаць.
- 6. Божа! Ты ведаеш дурасьць маю, і грахі мае ад цябе не схаваны.
- 7. Хай не пасаромяцца празь мяне тыя, што на Цябе спадзяюцца, Госпадзе, Божа сілы. Хай не пасаромяцца празь мяне тыя, што шукаюць Цябе, Божа Ізраілеў;
- 8. бо дзеля Цябе я цярплю зьнявагу, і ганьбаю пакрываюць аблічча маё.
- 9. Счужынеў я братам маім, чужынцам зрабіўся сынам маці маёй,
- 10. бо клопат па доме Тваім пажырае мяне, і ліхаслоўе тых, што Цябе ліхасловяць, падае на мяне,
- 11. і постам выплакаў я душу маю, і гэта робяць зьнявагаю мне.
- 12. І замест вопраткі я на сябе нацягнуў валасяніцу - і раблюся ім прытчаю;
- 13. і пра мяне балабоняць, седзячы каля брамы, і сьпяваюць у песьнях тыя, што п'юць віно.
- 14. А я з малітвай маёю да Цябе, Госпадзе; у час добрай зычлівасьці, Божа, па вялікай даброці Тваёй, пачуй мяне ў праўдзе ратунку Твайго;
- 15. дастань мяне з багавіньня, каб не загразнуў я: хай я вызвалюся ад ненавісьнікаў маіх і ад глыбокіх водаў;
- 16. хай не пацягне мяне цячэньне вады, хай не паглыне мяне багна, хай не замкне нада мною прорва пашчы свае.
- 17. Пачуй мяне, Госпадзе, бо добрая міласьць Твая; у мностве шчадротаў Тваіх дагледзь мяне,
- 18. не хавай твару Твайго ад раба Твайго, бо я смуткую; хутка пачуеш мяне;
- 19. Наблізься да душы маёй, вызваль яе; дзеля ворагаў маіх уратуй мяне.
- 20. Ты ведаеш паганьбеньне маё, сорам мой і агуду маю; ворагі мае ўсе прад Табою.
- 21. Маё сэрца зламала агуда, і я зьнямогся; чакаў спагады, але няма яе - і спагадцаў, ды не знаходжу.
- 22. І далі мне за ежу жоўць, і ў смазе маёй воцатам напаілі мяне.
- 23. Няхай стане трапеза іхняя сеткаю ім, і мірнае застольле іхняе - пасткаю;
- 24. няхай запамрочацца іхнія вочы, каб ім ня бачыць, і сьцёгны расслабі ім назаўсёды;
- 25. вылі на іх лютасьць Тваю, і полымя гневу Твайго хай абдыме іх;
- 26. селішча іхняе няхай запусьцее, і ў палатках іхніх хай ніхто ня жыве,
- 27. бо, каго Ты забіў, яны яшчэ перасьледуюць, і пакуты Табою параненых памнажаюць.
- 28. Прыкладзі беззаконьне да іхняга беззаконьня, і хай ня ўвойдуць яны ў праўду Тваю;
- 29. няхай скрэсьлены будуць з кнігі жывых, і хай ня будуць запісаны з праведнымі.
- 30. А я бедны і пакутую; дапамога Твая, Божа, хай адродзіць мяне.
- 31. Я буду славіць імя Бога майго ў песьні, буду ўзьвялічваць яго праслаўленьнем,
- 32. і будзе гэта даспадобы Госпаду болей, чым вол, чым цяля з рагамі і з капытамі.
- 33. Угледзяць гэта спрагненыя, і зарадуюцца. І ажыве сэрца ваша, богашукальнікі;
- 34. бо Гасподзь чуе ўбогіх і не пагарджае вязьнямі Сваімі.
- 35. Хай праславяць Яго зямля і нябёсы, моры, і ўсё рухомае ў іх,
- 36. бо ўратуе Бог Сіён, створыць гарады Юдавыя, і паселяцца там, і ўспадкуюць яго,
- 37. і нашчадкі рабоў Ягоных умацуюцца ў ім, і тыя, што любяць імя Ягонае, сяліцца ў ім будуць.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 68