- 1. Кіроўцу хору. Псальма Давідава для сьпяваньня.
- 2. Табе, Божа, належыць хвала на Сіёне, і Табе будзе дадзена абяцаньне ў Ерусаліме.
- 3. Ты чуеш малітву; да Цябе ўсё жывое прыходзіць.
- 4. Учынкі грахоўных адольваюць мяне. Ты ачысьціш злачынствы нашыя.
- 5. Дабрашчасны, каго Ты абраў і наблізіў, каб ён жыў у сялібах Тваіх. Насыцімся дабром дома Твайго, сьвятога храма Твайго.
- 6. Страшны ў правасудзьдзі, пачуй нас, Божа, Ратаўнік наш, надзея ўсіх канцоў зямлі і ўсіх, хто далёка ў моры,
- 7. Ты, Хто горы паставіў сілаю Сваёю, магутнасьцю аперазаны,
- 8. Хто таймуе гул мораў, плёскат іхніх хваляў, і бунт народаў!
- 9. І забаяцца азнакаў Тваіх жыхары ўсіх канцоў зямлі. І ранак і вечар абудзіш на славу Тваю.
- 10. Ты наведваеш сушу і спатольваеш смагу яе, шчодра яе ўзбагачаеш: паток Божы поўны вады; Ты яе збожжа гатуеш, бо так яе зладзіў;
- 11. Ты поіш барозны яе, раўняеш камлыгі яе, пульхніш яе кроплямі дажджу, дабраслаўляеш расьліннасьць яе;
- 12. вянчаеш лета даброці Тваёй, і сьцежкі Твае кроплямі тлушчу цякуць;
- 13. цякуць на пустэльныя пашы, і пагоркі радасьцю апяразваюцца,
- 14. лугі апранаюцца ў статкі, і даліны ўкрываюцца збажыною, гукаюць яны і сьпяваюць.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 64