- 1. Пра Саламона. Псальма Давідава. Божа! даруй цару Твой суд і сыну цара Тваю праўду,
- 2. няхай судзіць людзей Тваіх справядліва і ўбогіх Тваіх на судзе;
- 3. няхай прынясуць горы мір людзям і пагоркі праўду;
- 4. няхай судзіць убогіх народу, няхай выратуе сыноў убогага, і суйме прыгнятальніка, -
- 5. і будуць баяцца Цябе, пакуль будуць сонца і месяц, у роды родаў.
- 6. Ён сыдзе, як дождж на скошаны луг, як кроплі, што арашаюць зямлю;
- 7. У дні ягоныя праведнік будзе цьвісьці, і будзе вялікі спакой, пакуль ня спыніцца месяц:
- 8. ён будзе валадарыць ад мора да мора і ад ракі да краёў зямлі;
- 9. упадуць перад ім жыхары пустыняў, і ворагі ягоныя будуць лізаць пыл;
- 10. цары Тарсіса і выспаў даніну яму паднясуць; цары Аравіі і Савы дары паднясуць;
- 11. і паклоняцца яму ўсе цары; усе народы служыцьмуць яму;
- 12. бо вызваліць ён убогага, што галосіць, і прыгнечанага, што дапамогі ня мае,
- 13. умілажаліцца з гаротніка ўбогага, і душы гаротнікаў уратуе;
- 14. ад хітрыны і гвалту вызваліць душы іхнія, і каштоўнаю будзе кроў перад вачыма ягонымі;
- 15. і будзе жыць, і будуць даваць яму золата Аравіі, і будуць маліцца за яго няспынна, кожнага дня дабраслаўляць яго;
- 16. на зямлі будзе шчодрае збожжа, наверсе гор; і плады ягоныя захвалююцца, быццам лес на Ліване, і ў гарадах размножацца людзі, як трава на зямлі;
- 17. будзе імя ягонае дабраславёнае навечна; пакуль сонца жыве, будзе перадавацца імя ягонае; і дабраславяцца ў ім усе плямёны зямныя, усе народы будуць злагоджваць яго.
- 18. Дабраславёны Гасподзь Бог, Бог Ізраілеў, адзіны, Хто творыць цуды,
- 19. і дабраславёнае імя славы Ягонае навечна, і напоўніцца славаю Яго ўся зямля. Амін і амін.
- 20. Скончыліся малітвы Давіда, сына Ясэевага.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 71