- 1. Псальма Асафава. Які добры Бог да Ізраіля, да чыстых сэрцам!
- 2. А я - ледзь ногі мае не пахіснуліся, ледзь падэшвы мае не пакаўзнуліся, -
- 3. я быў ліхім пазайздросьціў, як пабачыў дабрадзенства бязбожных,
- 4. бо няма ім цярпеньняў да самае сьмерці, і сіла моцная ў іх;
- 5. на працы людзкой іх няма, і разам зь людзьмі яны ўціску ня знаюць.
- 6. Вось таму іхняя пыха, як нашыйнік, абклала іх, і дзёрзкасьць, як убор, аблягае іх;
- 7. вылазяць ім вочы ад тлушчу, жаданьні ў сэрцы іхнім варушацца,
- 8. сьмяюцца яны з усяго; зласьліва паклёпы наводзяць; ганарыста гавораць;
- 9. вусны свае ўзносяць да неба, - а іхні язык па зямлі валачэцца.
- 10. Таму туды ж зьвяртаецца народ ягоны, і п'юць ваду поўнаю чараю
- 11. і кажуць: "як уведае Бог? і ці мае Ўсявышні веданьне?"
- 12. І вось гэтыя грэшнікі песьцяцца на гэтым сьвеце і памнажаюць багацьце.
- 13. І сказаў я: ці ж не дарма ачышчаў я сэрца маё і ў нянавісьці абмываў мае рукі,
- 14. і ўвесь дзень я цярплю ўдары, і кожнае раніцы кару прымаю?
- 15. Калі б я сказаў: буду так разважаць, як яны, - дык здрадзіў бы роду сыноў Тваіх.
- 16. І задумаўся я, як зразумець гэта; але цяжка яно ў вачах маіх,
- 17. пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і не зразумеў іхняга канца.
- 18. Так! на коўзкіх шляхах паставіў Ты іх, і скідаеш іх у прорвішчы.
- 19. Як зьнянацку яны ўвайшлі ў спусташэньне, згінулі, зьніклі ад жахаў!
- 20. Як сном пасьля абуджэньня, так Ты, Госпадзе, іх разбудзіўшы, зьнішчыш іхнія мроі.
- 21. Калі кіпела сэрца маё і трымцела нутрына мая,
- 22. быў я тады неразумны, нічога ня цяміў; як быдла быў я прад Табою.
- 23. Але заўжды я з Табою; Ты трымаеш мяне за правую руку:
- 24. Ты вядзеш мяне паводле радаў Тваіх, і потым у славу прымаеш мяне.
- 25. Хто мне на небе? і з Табою нічога не хачу на зямлі.
- 26. Зьнемагае цела маё і сэрца маё; Бог - цьвярдыня сэрца майго і частка мая навечна,
- 27. бо вось гінуць усе, хто збочвае ад Цябе; Ты нішчыш кожнага, хто ад Цябе адступаецца.
- 28. А мне добра набліжацца да Бога! На Госпада Бога паклаў я надзею маю, каб абвяшчаць усе дзеі Твае!
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 72