- 1. Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Песьня.
- 2. Няхай паўстане Бог - і расьсеюцца ворагі Ягоныя, і хай ад аблічча Ягонага ўцякуць Яго ненавісьнікі!
- 3. Як дым разьвейваецца, так іх разьвей; як топіцца воск ад вагню, так бязбожнікі прад абліччам Божым хай загінуць!
- 4. А праведнікі хай узрадуюцца і ўсьцешацца прад Богам, і ўзьвесяляцца ў радасьці.
- 5. Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце імю Ягонаму, праслаўляйце Таго, Хто па нябёсах ідзе; Гасподзь імя Яму, - і прад абліччам Ягоным радуйцеся.
- 6. Сіротам Бацька і ўдовам судзьдзя Бог у сьвятой сялібе Сваёй!
- 7. Бог самотных уводзіць у дом, вызваляе вязьняў з кайданаў; а непакорлівыя застаюцца ў скварнай пустыні.
- 8. Божа! калі Ты выходзіў перад народам Тваім, калі Ты ішоў па пустыні,
- 9. зямля скаланалася, нават нябёсы плавіліся, ад аблічча Божага, і гэты Сінай - ад аблічча Бога, Бога Ізраілевага.
- 10. Шчодры дождж праліваў Ты, Божа, на Тваю спадчыну, і калі яна зьнемагала ад працы, Ты падмацоўваў яе.
- 11. Народ Твой там жыў; з даброці Тваёй, Божа, ты ўдзяляў беднаму.
- 12. Гасподзь дасьць слова: зьвястунак вялікае мноства.
- 13. "Цары войска ўцякаюць, уцякаюць, а тая, што дома сядзіць, дзеліць здабычу.
- 14. Калі спачываеце вы ў сваіх вотчынах, вы - як галубіца, у якое крылы срэбрам пакрытыя, а пёры чыстым золатам:
- 15. калі Ўсемагутны расьсеяў цароў на гэтай зямлі, яна забялела, быццам сьнег на Сэлмоне.
- 16. Гара Божая! - гара Васанская! гара высокая - гара Васанская!
- 17. Што ж вы зайздросьліва глядзіце, горы высокія, на гару, на якой Бог з добрай волі жыве, і Гасподзь жыцьме вечна!
- 18. Калясьніц Божых процьма, тысячы тысяч сярод іх; сярод іх Гасподзь на Сінаі, у сьвятыні.
- 19. Ты ўзышоў на вышыню, запалоніў палон, прыняў дары дзеля людзей, каб і адступнікі жыць маглі ў Госпада Бога.
- 20. Дабраславёны Бог кожны дзень, Бог ускладае на нас цяжар, але Ён і ратуе нас.
- 21. Бог нам - Бог на ратаваньне; ва ўладзе Госпада Ўладыкі брама сьмерці.
- 22. Але Бог патрушчыць голаў ворагам Сваім, валасатае цемя таго, хто ў грахах сваіх закасьцянеў.
- 23. Гасподзь сказаў: ад Васана вярну, выведу з прадоньня марскога,
- 24. каб ты апусьціў нагу тваю, як сабакі твае язык свой, у кроў ворагаў.
- 25. Бачылі шэсьце Тваё, Божа, шэсьце Бога майго, Цара майго ў сьвятыні:
- 26. наперадзе йшлі сьпевакі, ззаду ішлі музыкі, пасярэдзіне дзевы з тымпанамі:
- 27. "Дабраслаўляйце Бога Госпада на сходах, вы - ад семені Ізраілевага!"
- 28. Там Веньямін малодшы - іхні князь; князі Юдавы - уладыкі іхнія; князі Завулонавы, князі Нэфталімавы.
- 29. Бог твой наказаў табе сілу. Умацуй, Божа, тое, што Ты зрабіў нам!
- 30. Дзеля храма Твайго ў Ерусаліме цары прынясуць Табе дары.
- 31. Утаймуй зьвера ў трысьнягу, - статак валоў сярод цялят народаў, якія хваляцца зьліткамі срэбра; рассып народы, што бітваў прагнуць.
- 32. Прыйдуць вяльможы з Егіпта; Эфіопія рукі свае працягне да Бога.
- 33. Царствы зямныя! сьпявайце Богу, услаўляйце Госпада,
- 34. Які крочыць на нябёсах нябёсаў спрадвеку. Вось, Ён дае голасу Свайму голас моцы.
- 35. Узьнясеце славу Богу! веліч Ягоная - на Ізраіле, і магутнасьць Ягоная - на аблоках.
- 36. Грозны Ты, Божа, у Сьвятыні Тваёй. Бог Ізраілеў - Ён дае сілу і моц народу Свайму. Дабраславёны Бог!
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 67