- 1. Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шошанім-Эдуф. Псальма Асафава.
- 2. Пастыр Ізраілеў! паслухай; Ты, што водзіш, як авечак, Язэпа, і сядзіш на хэрувімах, акажы Сябе.
- 3. Перад Яфрэмам і Веньямінам і Манасіем абудзі сілу Тваю і прыйдзі выратаваць нас.
- 4. Божа! навярні нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся!
- 5. Госпадзе, Божа сіл! дакуль будзеш гнеўны да малітваў народу Твайго?
- 6. Ты накарміў іх хлебам сьлёзным, і напаіў іх сьлязьмі, у вялікай меры,
- 7. паклаў нас супярэчкаю нашым суседзям, і ворагі нашыя зьдзекуюцца.
- 8. Божа сіл! узнаві нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся!
- 9. Зь Егіпта перанёс Ты лазу вінаградную, выгнаў народы, і пасадзіў яе;
- 10. ачысьціў пад яе месца, і ўгрунтаваў карэньне яе, і яна напоўніла замлю.
- 11. Горы накрыліся ценем яе, і гольле яе нібы кедры Божыя:
- 12. яна пусьціла гольле сваё да мора і пасынкі свае да ракі.
- 13. Навошта разбурыў Ты агароджу яе, так што скубуць яе ўсе, хто ідзе па дарозе?
- 14. Лясны вепр яе падкопвае, і зьвер польны яе аб'ядае.
- 15. Божа сіл! азірніся, паглядзі зь неба і ўбач, і наведай вінаграднік гэты;
- 16. ахавай тое, што пасадзіла правіца Твая, і пасынкі, якія Ты Сабе ўмацаваў.
- 17. Яно спалена вагнём, абсечана; хай ад зьзяньня аблічча Твайго загінуць,
- 18. хай будзе рука Твая над мужам правіцы Тваёй, над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў Сабе,
- 19. і мы ад Цябе не адступімся; ажыві нас, і мы будзем імя Тваё заклікаць.
- 20. Госпадзе, Божа сіл! узнаві нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Псалтыр > Глава 79